
фота ілюстрацыйнае
З 13 па 15 красавіка ў рамках збору тэрытарыяльных войскаў Горадзенскага раёну праходзіць камандна-штабное вучэньне з удзелам вайсковаабавязаных, прызваных з запасу, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і «добраахвотнікаў народнага апалчэньня», паведамляе Мінабароны Беларусі.
Вучэньне мае на мэце «ўдасканаліць навыкі афіцэраў па кіраўніцтве падпарадкаванымі сіламі тэрытарыяльнай абароны» і навучыць асабовы склад зладжаным дзеяньням. Падчас яго плянуюць адпрацаваць «пытаньні аховы і абароны аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, барацьбы з дывэрсійна-выведвальнымі групамі суперніка, забесьпячэньня мераў ваеннага становішча, у тым ліку з удзелам народнага апалчэньня».
«Пры выкананьні задач па зьнішчэньні дывэрсійна-выведвальных групаў умоўнага суперніка падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў будуць узмоцненыя артылерыйскімі падразьдзяленьнямі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Зборы тэрытарыяльных войскаў Гарадзенскай вобласьці праходзяць з 25 сакавіка па 18 красавіка. Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаюць у пэрыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі.
Згодна з законам «Аб народным апалчэньні», які Лукашэнка падпісаў 17 ліпеня 2023 году, задача «народнага апалчэньня» палягае ў садзейнічаньні тэрытарыяльным органам унутраных спраў пры забесьпячэньні ваеннага становішча, абароне ўласнасьці «ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў». Атрады «народнага апалчэньня» фармуюць пры кожнай сельскай радзе «на добраахвотнай аснове».
