
Групу праваабаронцаў Праваабарончага цэнтру “Вясна” запрасілі ў амбасаду Вялікай Брытаніі ў Літве. Там яны перадалі свой зварот да міністра замежных справаў Вялікай Брытаніі.
Сустрэча групы праваабаронцаў ПЦ “Вясна” з брытанскімі дыпламатамі адбылася 9 красавіка. Праваабаронцы “Вясны” – экс-палітвязень Леанід Судаленка, а таксама Алена Маслюкова і Алег Мацкевіч наведалі амбасаду Вялікай Брытаніі на запрашэнне прадстаўнікоў дыпмісіі. Асноўная мэта візіту – нагадаць брытанскаму знешнепалітычнаму ведамству пра тое, што ў Беларусі ўлады ўтрымліваюць у жудасных умовах зняволення лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, заснавальніка і кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага.
Зараз Алеся Бяляцкага ўлады Беларусі трымаюць у калоніі № 9 у горадзе Горкі Магілёўскай вобласці. Умовы ўтрымання вязняў, якіх зняволілі з палітычных матываў, у месцах несвабоды ў Беларусі асабліва жорсткія. Беларускія праваабаронцы папрасілі брытанскіх дыпламатаў не забывацца пра зняволенага лаўрэата Нобелеўскай прэміі. Сёння гэта адзіны ў свеце лаўрэат Нобеля, які знаходзіцца ў вязніцы праз сваю праваабарончую дзейнасць.
“Нельга замоўчваць гэтую праблему. Бо многія ў цывілізаваным свеце нават не ведаюць, што ў цэнтры Еўропы за кратамі застаецца адзіны лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Таму варта пра гэта гучна гаварыць, звяртаючыся да тых краінаў, структураў, арганізацыяў, якія адыгрываюць у сусветнай палітыцы вельмі важную ролю. І Вялікая Брытанія з’яўляецца адной з найбольш уплывовых еўрапейскіх краінаў у тым ліку і ў справе абароны дэмакратыі і правоў чалавека. Канешне, праваабаронцы спрабуюць дзейнічаць і непублічнымі шляхамі, але варта рабіць і публічныя крокі. Тое, што мы звяртаем увагу не асобу менавіта Алеся Бяляцкага, не азначае, што мы патрабуем вызвалення толькі яго. Асоба ягонага маштабу можа паслужыць такім лакаматывам, які адчыніць дзверы і вызваленню іншых палітвязняў у Беларусі”,
– лічыць Алена Маслюкова.

Алена Маслюкова.
Праваабарнцы перадалі ў брытанскую амбасаду зварот да міністра замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэвіда Лэмі, у якім папрасілі дыпламата паспрыяць таму, каб імя Алеся Бяляцкага гучала падчас любых перамоваў, дзе фігуруе беларуская тэматыка.
“На мой погляд, прадстаўнікі амбасады Злучанага Каралеўства ведаюць пра сітуацыю з Алесем Бяляцкім. Але з нашаю дапамогаю яны здолелі паглынуцца ў гэтую сітуацыю. Спадзяемся, што праз наш зварот пранікнуцца жахлівымі варункамі зможа і спадар міністр замежных справаў. Прадстаўнікі брытанскай амбасады паабяцалі перадаць наш зварот непасрэдна яму”,
– удакладніла Алена Маслюкова.
