Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Аляксей Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава на Падляшшы. Паходзіў з сялянскай сям’і, бацька быў сябрам КПЗБ.

Хата сям’і Карпюкоў

У 1934 годзе скончыў сямігодку і навучаўся ў польскай гімназіі ў Вільні, а пасля яе закрыцця з 1939-га па 1941 гады вучыўся ў Наваградскай педагагічнай вучэльні.

З бацькамі, 1930-ыя гады

У час другой сусветнай вайны браў удзел у партызанскім руху. У снежні 1942 года трапіў у нямецкі палон у канцлагер Штутгаф, што пазней востра адбілася на яго біяграфіі. З канцлагера Аляксей Карпюк здолеў уцячы і зноў пайшоў у партызаны. Там арганізаваў з мясцовай моладзі партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага і стаў ягоным камандзірам. У жніўні 1944 года яго забралі ў Чырвоную Армію. Быў двойчы паранены.

Пасля вайны Аляксей Карпюк паступіў у Гарадзенскі педінстытут (аддзяленне англійскай мовы), які скончыў у 1949 г. Працаваў загадчыкам раённага аддзела адукацыі ў Сапоцкіне, але з-за канфлікту з кіраўніцтвам пераведзены на пасаду дырэктара Біскупскай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна. Пазней працаваў журналістам “Гродзенскай праўды” і “ЛіМа”, стаў першым дырэктарам Беларускага музею гісторыі рэлігіі і атэізму. Гэтая ўстанова пры ім стала асяродкам беларускай культуры, актыўна вяла экспедыцыі ў Беларусі і за яе межамі, збіраючы цікавыя экспанаты. Ведамы факт, як Карпюк асабіста ў Яраслаўлі знайшоў дом, дзе жыла сям’я Багдановічаў і прывёз у Беларусь больш 70 экспанатаў.

Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк

Вакол Аляксея Карпюка ў 1960-1970-ых гадах узнік своеасаблівы клуб вольнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі і іншыя гарадзенцы. Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з Аляксандрам Салжаніцыным, кантактаваў з сям’ёй Ларысы Геніюш з Зэльвы. Супрацоўнікі КДБ шмат гадоў назіралі за Аляксеем Карпюком, але не было такіх месцаў, дзе пісьменнік баяўся казаць праўду.

Вясной 1972 г. Аляксей Карпюк быў выключаны з КПСС па абвінавачванні ў нацыяналізме, кулацкім паходжанні, хлусні пра сваё мінулае. Ён нідзе не мог уладкавацца на працу. Але дзякуючы Пятру Машэраву яго аднавілі ў партыі. У 1978-1982 гадах Аляксей Карпюк працаваў сакратаром Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Пазней актыўна ўдзельнічаў у дэмакратычным жыцці Гародні: адзін з актывістаў БНФ, адзін з заснавальнікаў “Бацькаўшчыны”, меў цесныя кантакты з клубам “Паходня”.

У друку Аляксей Карпюк дэбютаваў у 1953 годзе аповесцю “У адным інстытуце”. Выйшлі яго кнігі аповесцяў і апавяданняў “Дзве сасны” , “Данута”, “Мая Гродзеншчына” , “Пушчанская адысея”, “Вершалінскі рай”, “Партрэт”, “Сучасны канфлікт”, раман “Карані”, ”Выбраныя творы” ў 2-х тамах і многія іншыя. Адзін з папулярных твораў пісьменніка – аповесць “Данута”.

Аляксей Карпюк быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна “Віртуці Мілітары”. Заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя Іван Мележа за кнігу “Сучасны канфлікт”.

Памёр Аляксей Карпюк у Гародні 14 ліпеня 1992 года. Пахаваны на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў на адным з цэнтральных шэрагаў.

Адна з вуліц у Гародні носіць імя Аляксея Карпюка. 15 красавіка 2019 года на доме па вуліцы Ажэшкі ўрачыста адкрыта памятная шыльда.