Няўмелай правакацыяй назвалі ў МЗС Польшчы размяшчэнне генконсульства РФ у Гродне ў будынку ліквідаванай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна”.

“Гэта няўмелая правакацыя. Аднак мы не плануем афіцыйнага пратэсту з гэтай нагоды”, — цытуе радыёстанцыя RMF24 выказванне прадстаўніка польскага МЗС.

Раней паведамлялася, што Генеральнае консульства Расіі ў Гародні адкрылася па новым адрасе — вуліца Гараднічанская, 40.

Консульства Расеі ў Гародні раней размяшчалася па вуліцы Цаглянай. Яно было адкрыта там два гады таму, “став логичным следствием договоренностей, в т.ч. достигнутых на IX Форуме регионов Беларуси и России“.

Раней у гэтым будынку размяшчаліся грамадская арганізацыя польскай меншасці “Польска Мацеж школьна” і грамадскі ліцэй імя Элізы Ажэшкі, дзе вывучалі польскую мову. Таксама пры “Мацежы” працавала бібліятэка, універсітэт трэцяга ўзросту для пажылых людзей, клуб жанчын “Гараднянка” ды іншыя ініцыятывы. У 2022 годзе грамадскую арганізацыю ліквідавалі, а будынак канфіскавалі.