Новы старшыня Гарадзенскага абвыканкама Юрый Караеў наведаў вучэнні так званай тэрытарыяльнай абароны.

Кіраўнік вобласці звярнуў увагу на “занадта круты” кантрольна-прапускны пункт (КПП).

“Паважаныя старшыні, гэта няправільны кантрольна-прапускны пункт. Столькі выдаткаў! Гэта Жылбуд адзін дом мог бы пабудаваць. Што з гэтым будзе потым, хто мне раскажа?” — абурыўся чыноўнік.

Караеву сказалі, што гэты КПП разбяруць і заўтра, пасля завяршэння вучэнняў, вывезуць. Але ён усё адно застаўся незадаволены вялікімі выдаткамі: “Навошта гэта? Колькі такіх на кожны горад трэба зрабіць, каб увесь горад па дарогах ачапіць? Мікрараён “Паўночны бераг” тут вы закапалі, больш нічога. Таму гэта занадта крута. Трэба прасцей, танней і не так затратна рабіць”.

Зборы па тэрытарыяльнай абароне праходзяць у Гародні 17 красавіка. У іх удзельнічаюць кіраўнікі раённых і гарадскіх выканкамаў. У Мінабароны казалі, што чыноўнікам пакажуць асаблівасці абсталявання КПП у горадзе і азнаёмяць з парадкам нясення службы на КПП.