
У Гародні будуць ладзіць рэканструкцыю штурму Рэйхстага, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс». У ролі Рэйхстага здымецца мясцовы Палац культуры тэкстыльшчыкаў.
Рэйхстаг на гродзенскай глебе пачнуць штурмаваць 4 мая ў 14.00 на плошчы Савецкай. Над Палацам культуры тэкстыльшчыкаў, які выканае ролю Рэйхстага, будзе ўзведзены купал, на якім павесяць сцяг Перамогі — чырвоны сцяг з сярпом і молатам.
Уваход на Савецкую плошчу, каб паглядзець гэта відовішча, будзе вольным. Таксама працэс будуць трансляваць анлайн на некалькіх ютуб-каналах.
У рэканструкцыі задзейнічаюць звыш 100 чалавек і 15 адзінак тэхнікі.
Святкаванне Дня перамогі з кожным годам набывае ўсё больш абсурдны характар.
