
Камітэт Дзяржаўнага Кантролю па Гарадзеншчыне дэкляруе забяспечыць уступную кампанію без парушэнняў. Гэтая структура нібыта забяспечвае роўнасць усіх абітурыентаў, ахвотных паступіць у ВНУ і ў ўстановы спецыяльнай адукацыі.
Паведамляецца, што “сотрудники Комитета и УДФР Комитета государственного контроля Республики Беларусь по Гродненской области будут осуществлять контроль за ходом регистрации, организации и проведения ЦЭ и ЦТ в корпусах учреждений образования, университетов, колледжей, определенных для проведения экзамена и тестирования”.
КДК нават прыводзіць адзін прыклад з уступнай кампаніі мінулага году. Тады быў выяўлены факт выкарыстання адным з паступаючых мабільнага тэлефону, што забаронена. Вынікі яго працы былі ануляваныя – так пракаментавала намесніца старшыні камітэту Таццяна Слабыш.
Чыноўнікі-кантралёры абяцаюць таксама, што будуць аб’ектыўна і хутка разглядаць таксама звароты і скаргі абітурыентаў і іх бацькоў. Праўда, у тое, што КДК можа забяспечыць “чэснае паступленне” і роўныя магчымасці, неяк зусім ня верыцца.
Сёлета рэгістрацыя на праходжанне цэнтралізаванага тэставання стартавала 9 красавіка і будзе доўжыцца да 22 красавіка. Заявы для ўдзелу ў тэставанні можна падаваць як анлайн, так і асабіста, наведаўшы адзін з пунктаў такой рэгістрацыі.
