
Лідскі міліцыянт Якаў Крыжчанка зноў выйшаў на медыйную “авансцэну”.
Нацыянальную сімволіку з бел-чырвона-белым сцягам лукашэнкаўская міліцыя лічыць “аднесенай да забароненых” нароўні з нацысцкімі эмблемамі. Людзям у якіх ёсць татуіроўкі з бел-чырвона-белым сцягам, міліцыя раіць заклейваць іх лейкапластырам. Адпаведную параду агучыў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Лідскага РАУС Якаў Крыжчанка на праўладным тэлеканале АНТ.
Крыжчанка вядомы тым, што ў 2020 годзе ў Лідзе здымаў мірных дэманстрантаў на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, таксама ён здымаў судовы працэс над Вітольдам Ашуркам.
Паводле словаў Крыжчанкі, чалавека могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, калі ён у грамадскім месцы дэманструе “забароненую” татуіроўку. Як прыклад ён згадаў выпадак у Лідзе, калі на хакейны матч прыйшоў мужчына ў шортах, які меў на лытцы набіты бел-чырвона-белы сцяг з гербам “Пагоня”.
“Паколькі БЧБ-сцяг прызнаны ў нашай краіне экстрэмісцкім, то праваахоўнікі расцанілі дзеянні мужчыны як адзіночны пікет і прыцягнулі яго да адказнасці па артыкуле 24.23 “Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”, — заявіла АНТ.
Між тым, ні герб “Пагоня”, ні бел-чырвона-белы сцяг ніякімі дакументамі ў Беларусі не забароненыя. Яны былі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі ў 1991-1995 гадах. А герб “Пагоня” ў 2007 годзе прызналі яшчэ і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Аднак гэта не перашкаджае сілавікам рэпрэсаваць людзей за іх дэманстрацыю. Людзей вінавацяць у “незаконным пікетаванні”. “Галоўнае — не дэманстраваць забароненыя выявы на публіцы. Можна прыкрываць іх адзеннем, заклейваць лейкапластырам. Але лепш за ўсё выдаліць такую татуіроўку”, — кажуць на аНТ са спасылкай на міліцыю.
Дарэчы, у Беларусі ўжо былі суды за пратэсныя тату. Напрыклад, у чэрвені 2024-га ў лякарні ў Мінску затрымалі мужчыну, у якога была на назе татуіроўка з “Пагоняй”. Яго абвінавацілі ў “несанкцыянаваным пікетаванні” і адправілі на Акрэсціна на сем сутак.
Таксама паведамлялася пра выпадкі, калі сілавікі прымушалі затрыманых перабіваць “няправільныя”, на іх думку, татуіроўкі, у тым ліку на камеру.
Пра міліцыянта Крыжчанку мы расказвалі і раней:
