У мінулым сваім артыкуле пасля Вербніцы панаракаў я на нізкую рэлігійную актыўнасць беларускай дыяспары ва ўсіх канфесіях. І насамрэч нашы суайчыннікі надзвычай ініцыятыўныя і крэатыўныя ў розных сферах. Плённа ствараюць у замежжы разнастайныя фонды, прасоўваюць бізнэс-праекты, распрацоўваюць складанейшыя тэхналогіі і кампутарныя праграмы, пішуць сцэнары і выпускаюць таленавітыя кінастужкі. А вось, скажам, на хрысціянскіх маральных аўтарытэтаў ці рэлігійных філосафаў мы збяднелі зусім. У праваслаўных Беларусі пасля адыходу ў лепшы свет архіепіскапа Арцемія такіх не засталося зусім, а некалькі маладых паслядоўнікаў мітрапаліта зараз у выгнанні. Не лічыць жа такімі хрысціянска-маральнымі арыенцірамі іерархаў, якія прадстаўляюць сталінска-пуцінскую царкву, што бесперапынна прапагандуе найперш ідэалогію «русского мира и доблести русского оружия». У каталікоў застаецца мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які апошнія гады, на жаль, моцна хварэе. Ёсць яшчэ святар Уладзіслаў Завальнюк, якога ўлады выжылі з самага беларускага сталічнага Чырвонага касцёла разам з вернікамі, фактычна зачыніўшы і забраўшы будынак. Пералік такіх маральных лідараў зусім невялікі. З рэлігійных філосафаў пасля смерці сапраўднага экуменіста Уладзіміра Конана і прыгадаць няма каго. Нацыя, якая не нараджае філосафаў і духоўных лідараў, хутчэй збіваецца з дарогі і не ведае, якую дзяржаву і супольнасць яна хоча збудаваць, не ведае, да чаго трэба імкнуцца і як прайсці свой шлях да спазнання Праўды і сэнсу быцця.

Гэтыя радкі ў звязку з ранейшым графікам выхаду газеты пішуцца яшчэ напярэдадні Вялікадня. Усцешна, што сёлета вернікі розных канфесій адсвяткуюць разам. Такое супадзенне каляндарных стыляў заўсёды яднае хрысціянаў, ідзе на карысць паразуменню. На Вялікдзень упэўнена можна прагназаваць дзве падзеі. У Ерусаліме ў храме Труны Гасподняй (у іншай моўнай версіі Гроба Гасподняга) запаліцца дабрадайны (у іншых версіях благадатны альбо цудадзейны) агонь. Людзі чамусьці надзвычай шмат увагі надаюць менавіта гэтаму агню. Атэісты зацята даказваюць, што гэта звычайная маніпуляцыя, вернікі жарсна даводзяць сваю веру ў цудатворны агонь. Каталікі і праваслаўныя нават часта сварацца на гэтай тэме. Царква, аднак, зусім не акцэнтуе ўвагу на тым як і чаму з’яўляецца гэты агонь. У Кувуклію (напомню, што так называецца маленькая каплічка пасярод галоўнай хрысціянскай святыні, яна была збудаваная ў канцы 4-га стагоддзя) традыцыйна ўваходзяць два іерархі – Патрыярх Ерусалімскі і армянскі Архімандрыт. Патрыярх у Кувукліі моліцца і чытае вельмі доўгую малітву (зразумела, што яна чытаецца толькі раз на год) зусім не за тое, каб Госпад здзейсніў цуда і запаліў свечку. У той малітве няма ніякіх словаў пра свечкі і пасланне фізічнага агню звыш. Патрыярх моліцца за тое, каб Бог запаліў Веру ў Хрыста ў сэрцах людзей. Так што свечкі на Вялікдзень у Храме Труны Гасподняй напэўна будуць запалены. А вось з людскімі сэрцамі куды цяжэй. Што да таго агню ад свечак, то ёсць фактам, што ён у першыя хвіліны з’яўлення сапраўды не абпальвае ні аголеныя рукі, ні шыі, па якіх праводзяць полымем вернікі ў храме.

Другая падзея, якая можа здарыцца ў велікодны дзень, гэта чарговы ракетны абстрэл Расеяй украінскіх гарадоў і пасёлкаў. Ужо стала сумнай і нейкай сатанінскай традыцыяй, што Масква менавіта на галоўныя хрысціянскія святы здзяйсняе найбольш жорсткія бамбардаванні і забойствы мірных грамадзян. Так было тыдзень таму на Вербную Нядзелю, і вельмі хочацца, каб так не сталася на Вялікдзень. Паходжанне назвы «Масква» па адной з версіі тлумачыцца як «чорная вада». Гэтая «чорная вада» заліла зараз усю Беларусь, атруціўшы прыродныя «рэкі» нашага народу, затапіла і значную частку ўкраінскіх земляў, несучы злосць, цемру і смерць. Вызваліцца з пад акупацыі фізічнай вельмі няпроста. Яшчэ цяжэй вызваліцца ад духоўнага рабства. Амаль дзве тысячы гадоў таму габрэйскі народ чакаў вызваліцеля ад рымскай акупацыі і не зразумеў, што прыйшоў зусім іншы Месія. Збаўца, які прынёс зусім іншы сэнс вызвалення і жыцця.

Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Уваскрос!

Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік “Ніва”