
68-гадовага палітвязня Міколу Статкевіча трымаюць за кратамі без вестак, у рэжыме інкамунікада, ужо больш 800 дзён. Пра гэта нагадалі ягоныя сваякі.
Адміністрацыя глыбоцкай калоніі паставіла Мікалая Статкевіча на ўлік як «схільнага да экстрэмізму».
Жонка Статкевіча Марына Адамовіч казала, што апошні раз яна атрымлівала ад яго вестку 9 лютага 2023 году.
Палітвязня Мікалая Статкевіча затрымалі 31 мая 2020 года ў Менску па дарозе на Камароўскі рынак, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Два разы запар яго арыштоўвалі на 15 сутак, але і пасля гэтага ён не выйшаў на волю.
У канцы чэрвеня 2020 года Статкевіча перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачанне паводле крымінальнага артыкула 342 («Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), потым дадалі артыкул 293 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). 14 снежня 2021 года на закрытым працэсе суддзя Мікалай Доля абвесціў Статкевічу прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Статкевіч у зале суда гучна выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!»
20 чэрвеня 2022 года Статкевіча перавялі з Гомельскага СІЗА № 3 у калонію № 13 у Глыбокім, якая лічыцца адной з самых жорсткіх у краіне. Адміністрацыя калоніі паставіла яго на ўлік як «схільнага да экстрэмізму», у жніўні змясціла на паўгода ў адзіночную камеру, у верасні — у штрафны ізалятар. Усяго з ліпеня 2022 года Статкевіч у калоніі зазнаў дзясяткі спагнанняў.
З лютага 2023 года Статкевіча ўтрымліваюць без сувязі з роднымі і знешнім светам. Паводле крыніц, яго па чарзе трымаюць то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятара, а таксама пазбавілі права на званкі і адзіныя на год перадачу і спатканне.
