
У сакавіку 2025 года «Белтэлекам» паведаміў пра ўсталяванне 200 000 камер відэаназірання па ўсёй Беларусі. З іх – каля 60 000 “разумных” камер, якія ўмеюць адсочваць чалавека, распазнаваць асобы, чытаць нумарныя знакі. Звычайна запісы з відэакамер захоўваюць 30 сутак.
У 2024 годзе мінімум 214 камер павесілі на запасных уваходах і выхадах у 13 гарадзенскіх школах і гімназіях. На ўездах у горад і ў месцах, дзе могуць сабрацца 100 і больш чалавек, устанавілі 84 камеры. У 2023 годзе паставілі амаль 1000 вулічных камер. 11 дадатковых відэакамер устанавілі каля эканамічнага суда. Іх ставілі за кошт сродкаў прымусовага збору – грошай або маёмасці, якія судовы выканаўца спаганяе з даўжніка.
У ліпені 2022 года паведамлялі пра 3000 устаноўленых у горадзе камерах. У гэты лік уваходзілі вулічныя камеры ў грамадскіх месцах, на дарогах, у 150 шматпавярхоўках і на стратэгічных аб’ектах. Пры гэтым годам раней, у сярэдзіне 2021 года, было вядома ўсяго пра 20 камер, усталяваных у Гародні гарадскім ЖКГ – пераважна ў цэнтры горада.
Зараз відэакамеры ўсталююць нават на гарадзенскіх пляжах.
