
Для будаўніцтва пункта пахавання радыеактыўных адкідаў у Беларусі разглядаюцца тры патэнцыйныя пляцоўкі. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі і аб’ектамі ядзернай спадчыны Дзяржатамнагляду Дзмітрый Паўлаў.
Адна з іх — рэгіён размяшчэння самой Беларускай АЭС. Другая — у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, фактычна на ўжо заражаных тэрыторыях.
“Акрамя таго, улічваем перспектывы збудавання іншых ядзерных аб’ектаў, таму разглядаецца магчымасць збудавання пункта пахавання ў Магілёўскай вобласці”, — перадае БЕЛТА словы Дзмітрыя Паўлава.
Выбіраць пляцоўку будзе дзяржаўная ўрадавая камісія, у якую ўваходзяць эксперты з розных дзяржаўных органаў.
