будынак КГБ у Менску

У Польшчы знік беларус, якога падазравалі ў сувязях з КГБ. Жонка не можа знайсці Паўла Бялюціна і шукае яго ў тым ліку праз сацсеткі. Паведамляецца, што на сувязь мужчына выходзіў два тыдні таму.

На пачатку 2024 года ён удзельнічаў у выбарах у Каардынацыйную раду ад аб’яднання “Салідарнасць”. Але неўзабаве высветлілася, што ў 2017 годзе чалавек з такім жа імем і прозвішчам напісаў данос у КГБ на Мікалая Аўтуховіча.

Тады сяброўства Бялюціна ў партыі “Народная грамада” прыпынілі, а са спісу кандыдатаў у КР яго выключылі.

Цяпер мы ведаем працяг гэтай гісторыі. Паводле жонкі, мужчына жыў у Вільні, але некалькі месяцаў таму Літва абвясціла яго пагрозай нацыянальнай бяспецы. Тады ён з’ехаў адтуль “у Еўропу, шукаць працу”. І вось — знік.

Пазней крыніцы Еўрарадыё паведамілі, што цяпер Бялюцін перабывае ў Германіі.

У Беларусі Бялюцін быў асуджаны 23 траўня 2022 года Фрунзенскім судом Мінска па абвінавачанні ў “абразе прадстаўніка ўлады”. Быў унесены ў “экстрэмісцкі спіс”.

Еўрарадыё