
фота ілюстрацыйнае, Вясна
У Беларусі збіраюцца правесці амністыю з нагоды 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Адпаведны законапраект даручыў падрыхтаваць Аляксандр Лукашэнка.
Законапраект ужо скіраваны на разгляд у парламент, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Як адзначаецца ў паведамленні, у дакуменце захаваныя асноўныя прынцыпы, што ўжо былі «паспяхова апрабаваныя» падчас папярэдніх амністый (а за апошнія пяць гадоў іх было чатыры). У той жа час з’явіліся і новаўвядзенні.
Сярод галоўных зменаў – пашырэнне спісу тых, хто можа быць цалкам вызвалены ад пакарання. У яго дадалі асобаў, што пакутуюць на пэўныя хваробы.
Яшчэ адна прапанова – для людзей, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, раней не судзімых і асуджаных на тэрмін да шасці гадоў уключна. Ім могуць замяніць пазбаўленне волі на больш мяккае пакаранне – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Таксама замест поўнага вызвалення ад адказнасці прапануецца ўжываць частковую амністыю: скарачаць тэрмін пакарання на адзін год для тых, хто асуджаны за злачынствы, здзейсненыя праз неасцярожнасць, што прывялі да смерці чалавека.
Для большасці асуджаных умова для амністыі – гэта поўнае кампенсаванне шкоды, нанесенай злачынствам, а таксама станоўчая характарыстыка паводзінаў падчас адбыцця пакарання.
Паводле папярэдніх ацэнак, пад дзеянне амністыі могуць трапіць каля 8 тысячаў чалавек.
У законапраекце асобна не гаворыцца пра выключэнне са спісаў асобаў, асуджаных паводле артыкулаў «экстрэмісцкай накіраванасці» (менавіта ў гэтую катэгорыю звычайна трапляюць людзі, асуджаныя паводле палітычных артыкулаў).
Таксама радок пра «станоўчую характарыстыку паводзінаў падчас адбыцця пакарання» можа абмежаваць дзеянне амністыі ў дачыненні да шматлікіх палітвязняў, бо, як вядома, іх часта запісваюць у так званых злосных парушальнікаў рэжыму ўтрымання, што дае падставу для асуджэння паводле арт. 411 КК РБ і дадавання чарговага тэрміну (так, Паліна Шарэнда-Панасюк тройчы была асуджаная паводле гэтага артыкулу).
Нагадаем, што кожная юбілейная дата, звязаная з заканчэннем вайны, у час кіравання Лукашэнкі адзначалася ў тым ліку амністыяй. Гэтак было кожныя пяць гадоў: у 1995 годзе, 2000-м, 2005-м, 2010-м, 2015-м і ў 2020-м.
