
Міністэрства транспарту і камунікацыяў Літвы пацвердзіла «Белсату», што Менск прапанаваў узнавіць пасажырскі чыгуначны рух паміж дзвюма краінамі. У Вільні будуць гэта абмяркоўваць.
«Прапанова была атрыманая», – паведамілі ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацыяў Літвы ў адказ на просьбу «Белсату» пацвердзіць, ці сапраўды Менск высунуў ідэю зноў пусціць пасажырскія цягнікі паміж дзвюма краінамі.
У ведамстве адзначылі, што цяпер гэтую прапанову вывучаюць:
«Цяпер яна абмяркоўваецца адказнымі органамі. Калі будзе прынятая канчатковая пастанова, мы паінфармуем грамадскасць».
Раней прэс-цэнтр Беларускай чыгункі паведаміў, што прадстаўнік БЧ на канферэнцыі Арганізацыі супрацы чыгунак прапанаваў Польшчы, Літве і Латвіі ўзнавіць пасажырскія зносіны з нашаю краінаю. Гэтая канферэнцыя адбылася ў Варшаве 14–17 красавіка.
Пасажырскі чыгуначны рух паміж Беларуссю і краінамі-суседкамі ў ЕЗ прыпыніўся ў 2020 годзе праз COVID-19, аднак, калі пандэмія сціхла, цягнікі так і не вярнуліся.
У 2023 годзе ў кампаніі «PKP Intercity» (польскі чыгуначны аператар) «Белсату» казалі, што «адмова ад чыгуначных зносінаў у кірунку Беларусі – бізнес-рашэнне кампаніі».
А ў літоўскай кампаніі «LTG Link» (аператар пасажырскіх чыгуначных зносінаў) тады тлумачылі, што аднаўляць рух у Беларусь не плануюць, «улічваючы ўсе акалічнасці і ў адпаведнасці з Законам аб абмежавальных захадах у звязку з агрэсіяй супраць Украіны».
