«Вясне» спаўняецца 29 гадоў. Як стваралася арганізацыя?

Праваабарончы цэнтр «Вясна» з’явіўся ў 1996 годзе. Тады Алесь Бяляцкі быў дырэктарам музея Максіма Багдановіча ў Мінску, але пасля разгонаў масавых пратэстаў ён пачаў дапамагаць рэпрэсаваным разам з іншымі супрацоўнікамі музея. У гэты час у Бяляцкага і ўзнікла ідэя стварэння праваабарончага цэнтра. Яны пакавалі ежу ў пакункі з эмблемай музея Багдановіча, і калі людзі выходзілі з Акрэсціна, то ім давалі такі пакуначак. Гэта было пэўнай сатысфакцыяй, знак прызнання таго, што чалавек пацярпеў несправядліва.

Успаміны Алеся Бяляцкага пра стварэнне Вясны

З гэтага часу актыўна пачала працаваць ініцыятыўная група па дапамозе ахвярам. Тады вясноўцы думалі, што гэтая праца працягнецца адзін-два гады — і памыліліся. Сітуацыя пагаршалася: як у заканадаўчай сферы, так і ў агульнай — увесь час ішлі масавыя рэпрэсіі, затрыманні, збіццё людзей.

У 1997 годзе ў краіне з’явіліся сапраўдныя палітзняволеныя — пасля адной з акцый пяцёра чалавек былі асуджаныя да абмежавання свабоды ў выглядзе «хіміі». Для гэтых людзей Алесь Бяляцкі збіраў грошы проста на адным з мітынгаў: хадзіў з вялікім поліэтыленавым пакетам (таму што грошы тады былі таннымі), і людзі наскідалі яму цэлы мех гэтых «зайчыкаў». Гэтыя грошы перадалі кожнаму «хіміку».

У лютым 1998 года была зарэгістравана мінская гарадская арганізацыя «Вясна 96». Рэгістрацыя цягнулася паўтара месяца. У 1998 годзе стала зразумела, што трэба пашырацца. Арганізацыя знайшла кантакты актывістаў з рэгіёнаў, якім цікавы правы чалавека. У 1999 годзе была зарэгістраваная рэспубліканская арганізацыя.

Ужо тады на яе пачаўся ціск: вобшукі, канфіскацыя тэхнікі, затрыманні і пратаколы.

Праваабарончая дзейнасьць у Беларусі. Ад вытокаў да апошніх дзён

Вясна