PAP/Artur Reszko

За 25-27 красавіка польская памежная служба зафіксавала больш за 290 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з тэрыторыі Беларусі.

12 чалавек былі затрыманыя. У бок польскіх патрулёў парушальнікі мяжы кідалі камяні і галіны дрэваў. Быў пашкоджаны аўтамабіль польскіх памежнікаў.

Тым часам захоўваюцца даўжэзныя чэргі аўтамабілістаў на афіцыйны выезд з Беларусі ў Польшчу. Паводле звестак Памежнага камітэта Беларусі, у нядзелю, 27 красавіка, у памежным пункце “Брэст” у чарзе на выезд былі 1824 легкавыя аўтамабілі і 108 аўтобусаў. У панядзелак зранку чаргі чакалі 1700 аўтамабіляў і 90 аўтобусаў.

Памежны пераход Берасце — Цярэспаль застаецца адзіным, праз які з Беларусі можна трапіць у краіны Еўразвязу на аўтамабілях з беларускімі нумарамі.