Крыху больш года таму ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахоўнай дзейнасці” і некаторыя звязаныя з ім нарматыўныя прававыя акты былі ўнесены змены і дапаўненні.

Раскажам пра найбольш важныя з іх:

Кваліфікацыйны іспыт павінны прайсці ўсе, каго ў арганізацыі плануюць дапусціць да працы вартаўніком, вахцёрам, ахоўнікам і г.д. Экзамен праходзіць у форме тэставання. Яго прымае камісія, створаная ў падраздзяленні аховы.

Толькі атрымаўшы станоўчы вынік на іспыце, работнік можа выконваць абавязкі па ахове аб’ектаў.

Хадайніцтва аб допуску работніка да здачы экзамену арганізацыя абавязана накіраваць у падраздзяленне аховы, а таксама прыкласці звесткі аб адсутнасці ў чалавека абмежаванняў да гэтага віду дзейнасці. Таму ўжо пры прыёме супрацоўніка на яго павінны быць сабраны дакументы, якія пацвярджаюць, што ён не судзімы, дзеяздольны, не стаіць на прафілактычных уліках у АУС, у яго няма ануляванага дазволу на захоўванне зброі і няма медыцынскіх супрацьпаказанняў.

Калі патрабуецца працяглая стажыроўка пры допуску да работы, наймальніку варта сачыць за выкананнем тэрмінаў: хадайніцтва аб допуску да здачы экзамену павінна быць накіравана ў месяцавы тэрмін з дня працаўладкавання, а экзамен работнік абавязаны прайсці цягам двух месяцаў.

Падрыхтоўка прафесіяналаў. У арганізацыі павінны быць прызначаны адказныя за гэты кірунак, створаны ўмовы для правядзення тэарэтычных і практычных заняткаў, а таксама ажыццяўляцца сістэматычная праверка ведаў і навыкаў. Навучальны год для работнікаў аховы неабходна завяршыць прыёмам іспыту. Ёсць спецыяльныя патрабаванні да афармлення дакументацыі: устаноўлены формы тэматычнага плана спецыяльнай падрыхтоўкі работнікаў аховы і часопіса ўліку заняткаў.

Праверкі на прыдатнасць. Камісія, створаная па загадзе кіраўніка арганізацыі, у форме тэставання павінна праверыць веды нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць ахоўную дзейнасць. Пры станоўчым выніку гэтага выпрабавання работніку неабходна таксама пацвердзіць свае практычныя ўменні прымяняць спецыяльныя сродкі (пры іх наяўнасці) і фізічную сілу.

Пачатковая праверка праводзіцца пры допуску работніка да выканання абавязкаў, а далей – не радзей разу ў 2 гады – перыядычная.