
Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на травень 2025 году.
2 траўня
105 гадоў таму (1920) – У Менску выйшаў першы нумар часопісу “Рунь” (рэдактар Янка Купала, выдавец Вацлаў Іваноўскі), выдаваўся да 4 ліпеня 1920 году.

3 траўня
Сусьветны дзень свабоды друку.
5 траўня
125 гадоў таму (1900) – У в. Клюшчаны (Астравецкі р-н) нарадзіўся Адольф Клімовіч, беларускі каталіцкі, грамадзкі дзеяч, журналіст, выдавец, вязень савецкіх канцлягераў.

115 гадоў таму (1910) – У в. Кунцаўшчына (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Апанас Цыхун, беларускі краязнавец, педагог, пісьменьнік.

6 траўня
60 гадоў таму (1965) – У Гародні на доме, дзе жыў Максім Багдановіч, адкрыта мемарыяльная дошка.

7 траўня
Сьвята абраза Маці Божай Жыровіцкай.

8 траўня
Сусьветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.
80 гадоў таму (1945) – У Берліне падпісаны Акт пра капітуляцыю Нямеччыны – завяршылася савецка-фашыстоўская вайна.
12 траўня
250 гадоў таму (1775) – У Гародні была заснаваная Вышэйшая медыцынская акадэмія.
13 траўня
185 гадоў таму (1840) – У фальв. Кункулка (Лідзкі пав.) нарадзіўся Цітус Далеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гг.

155 гадоў таму (1870) – У сядзібе Ізабэлін (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Турчыновіч, беларускі гісторык, краязнавец, педагог.
150 гадоў таму (1875) – У маёнтку Ендрыхоўцы (Ваўкавыскі р-н) нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі, беларуска-польскі мастак.

14 траўня
30 гадоў таму (1995) – У Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны рэферэндум, які зьмяніў дзяржаўную сымболіку, надаў расейскай мове статус дзяржаўнай, зрабіў зьмены ў Канстытуцыю, надаўшы права прэзідэнту распускаць парлямант, пастанавіў пра эканамічную інтаграцыю з Расеяй.
15 траўня
Міжнародны дзень сям’і
150 гадоў таму (1875) – У Вялікай Бераставіцы нарадзіўся Павел Валынцэвіч, беларускі праваслаўны сьвятар, адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі, мастак. Працаваў у Крэве, Сабакінцах. Памёр у красавіку 1962 г. у Ваўкавыску, пахаваны на ваўкавыскіх гарадзкіх могілках.

17 траўня
240 гадоў таму (1785) – Нарадзіўся (Менская губ.) Міхал Палінскі-Пёлка, педагог, матэматык. Вучыўся ў Жыровіцкай гімназіі.

18 траўня
Міжнародны дзень музеяў.
115 гадоў таму (1910) – У Гародні памерла Эліза Ажэшка, польска-беларуская пісьменьніца, удзельніца паўстаньня 1863-64 гг. З 1869 г. жыла ў Гародні. Пахавана на старых каталіцкіх могілках у Гародні.

19 траўня
245 гадоў таму (1780) – У Страсбургу (Францыя) нарадзіўся Людвік Міхал Пац, вайсковы дзеяч, удзельнік паўстаньня 1830-31 гг. Валодаў маёнткам Ражанка (Шчучынскі р-н), меў палац у Гародні.

20 траўня
60 гадоў таму (1965) – У Маскве памёр Антон Жэбрак, беларускі генетык, селекцыянер, грамадзкі дзеяч. Пахаваны на Уведзенскіх могілках у Маскве. Нараджэнец в. Збляны (Зэльвенскі р-н).

21 траўня
Міжнародны дзень космасу
22 траўня
85 гадоў таму (1940) – У мясцовасьці Русальшчына невядомымі быў забіты Вацлаў Родзька, беларускі каталіцкі сьвятар. Працаваў у гарадзенскім фарным касьцёле, у 1920-28 гг. служыў у Гальшанах (Ашмянскі р-н), з 1929 г. – у Старых Васілішках (Шчучынскі р-н), з 1937 г. – у Трабах (Івейскі р-н). Пахаваны пры касьцёле ў Трабах.

23 траўня
45 гадоў таму (1980) – У Гародні памёр Мікалай Марцінчык, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, лекар, вязень, савецкіх канцлягераў. Нараджэнец в. Кубельнікі (Бераставіцкі р-н).

24 траўня
Дзень славянскай пісьменнасьці і культуры.
95 гадоў таму (1930) – У Наваградку нарадзілася Галіна Русак (дзявоч. Родзька), беларуская мастачка-эмігрантка (з 1949 г. жыла ў ЗША).
25 траўня
120 гадоў таму (1905) – У мяст. Казлоўшчына (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Сяргей Хмара (сапр. Сіняк), беларускі пісьменьнік, паэт, журналіст, выдавец, з 1944 г. жыў у эміграцыі (Нямеччына, Канада)

115 гадоў таму (1910) – У Гародні нарадзіўся Пётр Кас, амерыканскі вучоны-хімік. Памёр у 1980-ыя гады.
27 траўня
125 гадоў таму (1900) – У в. Макашы (Нясьвяжскі р-н) нарадзіўся Уладзімір Жылка, беларускі паэт, перакладнік, публіцыст, крытык. Скончыў вучэльню ў Міры.

29 траўня
460 гадоў таму (1565) – У Лукішках пад Вільняй памёр Мікалай Радзівіл (Чорны), палітычны, культурны і рэлігійны дзеяч ВКЛ. Быў пахаваны разам з жонкай пры Віленскім зборы. У 1647 г. іх парэшткі ўрачыста перанесьлі зь Вільні ў Дубінкі. Валодаў Нягневічамі (Наваградзкі р-н), Геранёнамі (Івейскі р-н).

30 траўня
415 гадоў таму (1610) – Вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза надаў Ліпнішкам магдэбургскае права.

31 траўня
225 гадоў таму (1800) – У Варшаве памёр Міхал Казімір Агінскі, магнат, Слонімскі стараста, вялікі гетман Літоўскі. Пахаваны на могілках Павонзкі.

