Беларусь займае 166-е месца са 180-ці ў сусветным рэйтынгу свабоды прэсы за бягучы год. Спіс складае міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».

У параўнанні з мінулым годам Беларусь узнялася ў рэйтынгу на адну пазыцыю (з 167-га на 166-е месца), абагнаўшы Расею. У папярэднія гады Беларусь таксама была ў канцы рэйтынгу, але вышэй чым сёлета.

Найлепшае становішча са свабодай прэсы сёлета, паводле рэйтынгу — у Нарвегіі, а найгоршае – у Эрытрэі (яна займае апошняе 180-е месца).

На старонцы, прысвечанай Беларусі, «Рэпарцёры без межаў» нагадваюць, што Беларусь, «самая небяспечная краіна Еўропы для журналістаў да ўварвання Расеі ва Украіну», працягвае масавыя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, а таксама з’яўляецца адным зь лідараў па колькасці зняволеных журналістаў у свеце і адметная тым, што за кратамі там знаходзіцца вялікая колькасць жанчын-журналістаў.