Google выпусціў штогадовую справаздачу, у якой расказвае, колькі запытаў ён атрымаў на выдаленне кантэнту і якое прыняў рашэнне.

За 2024 год ён атрымаў 7 запытаў на выдаленне кантэнту з Беларусі — усяго 58 адзінак кантэнту. З іх 56 — гэта відэа на ютубе, адзін — вэб-пошуку і яшчэ адзін не названы.

Два звароты былі ад неназванага дзяржаўнага органа. Адзін з іх — на выдаленне 51 відэа з ютуба. Прычына не пазначана. Па запыце ім адмовілі.

На сайце прыводзяцца выбраныя кейсы, па якіх прымаў рашэнне Google. Сярод кейсаў ёсць адзін за 2020 год — тады Міністэрства інфармацыі падало пазоў на выдаленне відэа з «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Google адмовіў, бо ніякіх «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у відэа не адшукаў.

Калі меркаваць па звестках Google, то пасля жніўня 2020-га ніводны запыт ад дзяржаўных структур Беларусі не быў ухвалены.