
Праваабарончы цэнтр «Вясна» падсумаваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў красавіку. Калі коратка, то яна застаецца вельмі цяжкай і суправаджаецца рэпрэсіямі, якія працягваюцца супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, крытыкаў улады і іншадумцаў. Нягледзячы на імкненне ўладаў схаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, праваабаронцам працягваюць паступаць даныя аб затрыманнях і пераследзе па палітычных падставах.
Агулам «Вясне» вядома пра больш за 6 940 асуджаных (у тым ліку 33 накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года.
Нягледзячы на тое, што з калоній была вызвалена частка палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на 1 мая 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 206 палітвязняў (з іх 159 — жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 41 чалавек. Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да больш як 3 920 чалавек. 2 716 чалавек, з якіх 572 — жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;
Падвяргаюцца рэпрэсіям журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры. Па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец красавіка 2025 года знаходзіцца ў зняволенні 40 прадстаўнікоў медыя. БАЖ фіксуе новую хвалю рэпрэсій: спецслужбы ўзмацнілі ціск на журналістаў унутры краіны і родных прадстаўнікоў медыя, якія вымушана працуюць за мяжой. У большасці выпадкаў сілавікі прыходзілі па месцы рэгістрацыі недзяржаўных журналістаў, якія зараз вымушана працуюць за межамі Беларусі. У некаторых выпадках візіты сілавікоў суправаджаліся аглядам памяшкання ў сувязі з узбуджанай супраць журналіста ці журналісткі крымінальнай справай.
Працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у красавіку 2025 года «Вясна» зафіксавала больш за 50 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій звязана ў асноўным са спыненнем доступу да раскладу судоў — адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі.
Праваабаронцы працягваюць сістэматычна фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых форм недапушчальнага абыходжання пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні пакаранняў па такіх справах — як крымінальных, так і адміністрацыйных.
Свабода сходаў і выказвання меркаванняў рэгулярна падвяргаецца атакам уладаў: за ўдзел у пратэстах 2020 года людзей працягваюць прыцягваць да крымінальнай адказнасці, улады пашыраюць абмежаванні на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі.
Рэгулярна папаўняюцца спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», «экстрэмісцкіх» фарміраванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій.
