Тэлеканал «Першы інфармацыйны», як і было раней анансавана, паказаў інтэрв’ю з яшчэ адным зняволеным у лукашэнкаўскай турме грамадзянінам Польшчы. Гэтым разам у эфіры з’явіўся Ежы Жывалеўскі, якога ў 2023 годзе засудзілі на 4 гады пазбаўлення волі за шпіянаж.

Паводле выстаўленага яму абвінавачання, Ежы Жывалеўскі нібыта перадаваў польскай разведцы звесткі пра беларускіх вайскоўцаў і памежнікаў. Яму засталося адседзець у зняволенні пяць месяцаў.

Жывалеўскі расказаў, што ў яго ёсць жонка і 17-гадовы сын, якія жывуць у Гародні. Апошні раз ён бачыў іх у лістападзе 2024 года. Ягоная 93-гадовая маці жыве ў Польшчы і нібыта не ведае, што сын у турме. Раней Жывалеўскі з жонкай трымалі некалькі крамаў на гарадзенскім рынку, але цяпер гэты бізнэс не працуе.

Ежы Жывалеўскі апісаў свае будні ў калоніі: ежа, праца — швейная вытворчасць у дзве змены. Ён працуе штодзённа.

Пасля вызвалення ён нібыта хацеў бы застацца ў Беларусі, але мяркуе, што яго, хутчэй за ўсё, дэпартуюць у Польшчу. Пасля таго мужчына разлічвае паехаць у Нідэрлянды, дзе сябры прапанавалі яму працу. Але за некалькі месяцаў да вызвалення ён плануе падаць заяву, каб затрымацца ў Беларусі яшчэ на некалькі дзён і паспрабаваць атрымаць дазвол на жыхарства.

Жывалеўскі адзначыў, што спадзяваўся на дапамогу ад польскага боку, але цяпер разумее рэальнасць: «Можа, Польшча і не кінула мяне, але я не ведаю, што яны зрабілі ў маёй справе».

5 сакавіка, на дзяржаўным тэлебачанні паказалі падобнае інтэрв’ю з іншым засуджаным палякам, Томашам Бярозам, які прасіў польскія ўлады дапамагчы яму вярнуцца дадому.