Палітвязняў адной з папраўчых калоній апошнім часам актыўна заклікаюць пісаць прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Сведчанні пра гэта атрымлівае праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы адзначаюць, што такіх прапаноў у калоніі не было ўжо некалькі месяцаў, але з пачатку мінулага тыдня ўсё памянялася. Пра якую менавіта калонію ідзе гаворка — не ўдакладняецца.

7 траўня стала вядома, што Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 42 палітвязняў. Перад гэтым некалькі месяцаў памілаванняў не адбывалася.

А з ліпеня 2024 па студзень 2025 года прайшло дзесяць “хваляў” вызвалення палітвязняў. Кожны раз на волю выходзілі па 20-30 чалавек. Агулам за апошні год, як падлічыла прэс-служба Лукашэнкі, паводле памілавання выйшлі на волю 293 чалавекі.