
Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын ужо 5 месяцаў пазбаўлены тэлефанаванняў. Пра гэта расказала яго жонка Вольга Івашына. У сваім акаўнце на фэйсбуку яна таксама піша:
“Нядаўна мы даслалі Дзяніс Івашын фотаздымкі з нашага лецішча. Сярод іншых да яго меўся патрапіць і момант, калі на даху хаты затрымаліся двое буслоў. Гэта адбылося напрыканцы красавіка. Падаецца, гэта так бы мовіць “нашыя” буслы, якія штогод прылятаюць у ваколіцы да сваёй бусьлянкі. Я памятаю, як яны ляталі ў тым ліку і над нашым участкам у пошуках ежы для сябе й сваіх бусьлянятаў. Але бадай што ўпершыню яны абодва вырашылі “праверыць на трываласьць” наш дах.

Аматары розных “знакаў” пэўна нешта могуць сказаць на гэты конт, але я проста падзялюся з вамі мілым фотаздымкам у гэты трошкі сумны й ня надта цёплы ва ўсіх сэнсах час“.
Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.
