На 9 мая ў Гародні мясцовыя ўлады арганізавалі канцэрт расейскай спявачкі Паліны Гагарынай, ведамай сваёй падтрымкай Пуціна і яго захопніцкай палітыкі. Але сярод ухвальных водгукаў, як заўважыла нават афіцыйная газета аблвыканкаму «Гродзенская праўда», «знайшліся і тыя, хто, як звычайна, захацеў укалоць сваім з’едлівым каментаром арганізатараў», запытаўшыся, адкуль грошы на такую раскошу. У выніку нядаўна прызначаны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў мусіў апраўдвацца.

«Мы бачылі каментары пад ролікамі з канцэрту Паліны Гагарынай. Шмат было станоўчых водгукаў. Некаторыя з’едліва пыталіся, колькі з абласнога бюджэту паляцела грошай. Адказваю — ніколькі. Сродкі па аплаце канцэрта паступілі ад прыстойных спонсараў з прыватнага бізнэсу. Трэба гэта разумець, што ў падаткаплацельшчыкаў мы ні рубля на Паліну Гагарыну або на нейкі іншы канцэрт не ўзялі.

Некаторыя меркавалі, што яна спявала задарма. Бясплатна ніхто не спявае, адразу кажу. Але трэба разумець, што кіраўніцтва вобласці і горада з бюджэту на гэта грошай не траціць», — сказаў Юрый Караеў.

А вы можаце паверыць, што прыватныя бізнесоўцы маглі па сваёй волі аплаціць канцэрт такой “зоркі”?