
Апошнія гады на вядучых заводах супрацоўнікаў адпраўляюць на паліграф. Такая практыка ёсць, напрыклад, на прадпрыемствах, якія працуюць на абаронную прамысловасць — ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне», ААТ «Пеленг». Ці стратэгічна важных — як «Гродна-Азот».
Як расказалі «Нашай Ніве» супрацоўнікі «Гродна-Азот», падобная практыка пагаршае сітуацыю з недахопам кадраў. Але гэта не спыняе кіраўніцтва працягваць звальняць нелаяльных. Паліграф даводзіцца праходзіць як пры працаўладкаванні (прынамсі на адказныя пасады, простых рабочых на паліграф звычайна не адпраўляюць), так і пры працягу дамовы.
Праз паліграф у першую чаргу праходзяць супрацоўнікі з ліку «нядобранадзейных», калі паўстае пытанне працягваць кантракт. Таксама могуць выклікаць тых, каго палічаць падазроным праз нейкія дзеянні або выказванні на працы.
Нярэдка людзям не працягваюць кантракт менавіта пасля няўдалага праходжання праверкі на паліграфе.
Такі падыход прывёў да таго, што на заводзе ёсць абсталяванне, якім не могуць карыстацца, бо няма адпаведных спецыялістаў, расказаў адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства. Старых выгналі, а знайсці новых на іх месца не могуць праз тое, што далёка не ўсе кандыдаты праходзяць адбор менавіта па палітычным крытэрыі.
Азотавец кажа, што пры праходжанні паліграфа задаюць розныя пытанні, каб зразумець, наколькі шчыра ты любіш дзейную ўладу.
Калі па выніках праверкі ўзнікаюць сумневы, то ніхто не глядзіць на твае працоўныя якасці ці досвед працы. Цяпер першаснае, каб чалавек любіў Лукашэнку, а не быў добрым спецыялістам.
Недахоп кадраў пацвярджае і колькасць адкрытых вакансій на прадпрыемстве. На ААТ «Гродна-Азот» разам з філіялам «Хімвалакно» адкрыта 216 вакансій на 720 працоўных месцаў.
