Згодна з апытаннямі, большасць жанчын у Беларусі хоча мець дваіх дзяцей, але 30% гэты план не выконваюць. Пра гэта віцэ-прэм’ер Уладзімір Каранік заявіў перад форумам “Сям’я — аснова дэмаграфічнага патэнцыялу дзяржавы”.

“Апытанні паказваюць тое, што большасць беларусак плануюць мець двух дзяцей, а гэта фактычна толькі ровень узнаўлення. Гэта значыць, дэмаграфічнага росту мы пры гэтым не бачым. Але пры гэтым нават 30% усё ж такі гэты план не выконваюць у поўнай меры — маюць адно дзіця”, — перадае словы чыноўніка прэс-служба Мінпрацы.

Паводле Караніка, жанчыны сталі пазней выходзіць замуж з прычыны падвышэння роўню жыцця, гендарнай роўнасці, роўных магчымасцяў удзельнічаць у эканоміцы краіны і рабіць кар’еру.

“Яны плануюць дасягнуць нейкіх поспехаў у прафесійнай дзейнасці, у кар’еры, а нараджэнне дзяцей адкладаюць на потым”, — дадаў чыноўнік. І паскардзіўся, што праз гэта падае нараджальнасць у краіне.

Каранік заявіў, што плануецца пашыраць меры падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Таксама чыноўнік паведаміў пра сувязь менталітэту беларусаў з канонамі праваслаўя, праз што сфармавалася “асаблівае стаўленне да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў”. Каранік, аднак, “забыўся”, што беларусы – шматканфесійная нацыя, а значная частка насельніцтва не мае ніякага дачынення да хрысціянства, застаючыся матэрыялістамі ці нават зацятымі атэістамі.