
185 гадоў таму (1840) – У фальварку Кункулка (месца не лакалізаванае, Лідскі павет) нарадзіўся Цітус Далеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гг.
Паходзіў з сям’і дробнага шляхціча Дамініка Далеўскага. Ён быў малодшым сынам Дамініка і Дамінікі Далеўскіх, меў трох братоў і шэсць сёстраў. Старэйшыя сыны Дамініка Далеўскага — Францішак і Аляксандр — у 1848 годзе былі арыштаваныя за стварэнне таемнага таварыства «Саюз літоўскай моладзі». Пасля дзесяцігадовай катаржнай працы на нерчынскіх шахтах-капальнях Аляксандр захварэў на сухоты і ў 1862 годзе ў Вільні памёр. Ягоны брат Францішак таксама цяжка хварэў на тыф, але здолеў перамагчы хваробу і ў 1863 годзе працягнуў іх з братамі агульную справу — стаў адным з кіраўнікоў паўстання.
Вучыўся Цітус Далеўскі ў Віленскай гімназіі, дзе сябраваў з Францішкам Багушэвічам. Аднакласнікамі Цітуса Далеўскага ў Віленскай гімназіі былі будучыя вядомыя паўстанцы Францішак Багушэвіч, Аляксандр Міладоўскі і Юліян Чарноўскі.
Вядома, што гімназісты Цітус і Канстанцін аднойчы разам выратавалі некалькі чалавек, якія танулі ў рацэ. Удзельнічаў у рэвалюцыйным студэнцкім руху ў Маскве і Пецярбургу, дзе тым часам вучыўся ва ўніверсітэтах. Адзін з паплечнікаў Кастуся Каліноўскага напярэдадні паўстання, з лета 1863 году ў кіраўніцтве паўстаннем. Далеўскі і Каліноўскі былі блізкімі сябрамі. Акрамя агульнага светагляду маладзёнаў лучыла тое, што іх нарачоныя паходзілі з віленскай сям’і Ямантаў. Цітус пакахаў Алену, Кастусь — Марыю, а кватэра Ямантаў зрабілася сапраўдным штабам змагароў.
Калі пачалося паўстанне, Цітус адразу ж вярнуўся з Масквы дадому, каб развітацца з роднымі. Ён хацеў далучыцца да паўстанцкіх сілаў Жыгімонта Серакоўскага, мужа сваёй сястры Апалоніі. Там ужо ваяваў брат Канстанцін. Старэйшыя барты ўсё ж пераканалі Цітуса не ісці ў атрад.

Быў прызначаны Каліноўскім на пасаду паўстанцкага начальніка Вільні. Ён займаўся забеспячэннем паўстанцаў неабходнымі звесткамі ды прыпасамі, кіраваў паўстанцкай друкарняй, займаўся пастаўкаю грошай і зброі ў атрады, інфармаваў пра дыслакацыю варожых войскаў, разам з Каліноўскім складаў інструкцыі і рапарты.
Арыштаваны ў снежні 1863 году, 20 снежня на кватэры ўдавы паэта Уладзіслава Сыракомлі — Паўліны Кандратовіч, дзяцей якой ён вучыў расейскай мове.
Допыты не мелі плёну. Цітус, акрамя сваёй ролі ў паўстанні, больш ні пра што не паведаміў і Каліноўскага не выдаў. Расстраляны ў Вільні на Лукішскай плошчы.
