На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі 14 траўня апублікавалі пастанову Міністэрства спорту і турызму № 10 за 30 красавіка, што ўносіць змены ў прафесійныя і этычныя патрабаванні да працы экскурсаводаў і гідаў-перакладнікаў. Дакумент набывае моц 11 ліпеня.

Згодна з пастановай, экскурсаводы і гіды цяпер мусяць ведаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы, зацверджаныя дырэктывай Аляксандра Лукашэнкі за 9 красавіка 2025 года № 12, «укараняць кірункі ідэалагічнай працы ў сваёй прафесійнай дзейнасці».

Таксама яны мусяць «спрыяць умацаванню станоўчага міжнароднага іміджу краіны, прызнанню ўнікальнасці беларускай мадэлі грамадскага развіцця».

Акрамя таго, экскурсаводы і гіды мусяць «браць удзел у захаванні гістарычнай памяці і нацыянальных каштоўнасцяў» і «спрыяць павышэнню прававой, палітычнай, асабістай культуры і сацыяльнай адказнасці турыстаў, экскурсантаў».

Нагадаем, што гэта не першыя палітычныя патрабаванні да гідаў і экскурсаводаў, уведзеныя ў Беларусі пасля пратэстаў 2020 года. Гэтак, 26 ліпеня 2023-га ім прадпісалі не дапускаць правакацыяў у адзенні і выглядзе, не адыходзіць ад тэксту экскурсіі. Таксама гідам нельга выказваць на экскурсіях суб’ектыўных ацэнак пра Беларусь ды іншыя краіны, а пра Беларусь трэба фармаваць уяўленне як пра краіну, прывабную для турыстаў. Таксама экскурсаводы маюць сачыць за тым, каб некарэктных, правакацыйных ці іншых негатыўных выказванняў ці дзеянняў не было з боку турыстаў, у адваротным выпадку – рабіць захады для недапушчэння такіх паводзінаў.