7-ы агульнабеларускі фэст сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці” з 16 по 18 траўня збярэ ў Слоніме 25 актыўных таленавітых сем’яў з усёй Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Гарадзенскага аблвыканкаму.

Удзельнікі фэсту будуць спабараваць у чатырох намінацыях: вакальна-хоравае, тэатральнае, інструментальнае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Упершыню фэст адкрые масавы сямейны забег, у якім будуць браць удзел больш тысячы жыхароў Слоніма (цікава, наколькі дабравольна?).

У асноўны дзень фэсту, 17 траўня, гасцей і ўдзельнікаў чакаюць выстава “Творчая майстэрня сямейнага дабрабыту”, конкурс сямейных калектываў “Жыцце як творчасць”, канцэртныя выступы калектываў Слоніма “Карагод сяброўства”. Завершэннем суботняга дня стануць канцэрты ваўкавыскага народнага вакальнага ансамблю “Уладары” і сямейнага калектыва балалаечніка Аляксандра Варонішчы з Менску.

Здавалася б, можна толькі вітаць такі культурны фэст. Але не туды тое. Лукашэнкаўскія ідэолагі не могуць пакінуць у праграме толькі культуру. Таму ў нядзелю абавязаны сабрацца круглы стол на адпаведную тэму – “Крепка семья – крепка держава”.

Сямейны фэст “Жывіце ў радасці” праходзіць раз на тры гады.