
Два аўтамабілі актывіста Вадзіма Саранчукова выставілі на аўкцыён на пляцоўцы «Белюрзабеспячэнне». Renault 1989 года і Opel 1998-го будуць прадаваць 27 траўня, піша Telegram-канал «Право имеют».
Судовы выканаўца — Карунас Кацярына Алегаўна.
Гарадзенец Вадзім Саранчукоў, які зараз у змушанай эміграцыі, – старшыня Гарадзенскай партыі БНФ, а пазней выканаўца старшыні ўсёй партыі.
30 жніўня 2024 года яго завочна засудзілі на 4 гады калоніі і штраф 24 000 рублёў (600 базавых). Саранчукова судзілі ў Гарадзенскім абласным судзе па ч.1 і ч. 2 арт. 361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Карны прысуд аформіў суддзя Аляксандр Козел.
Яшчэ перад судом быў накладзены арышт на маёмасць Саранчукова: ягоную кватэру ў Гародні, на дом і ўчастак зямлі ў вёсцы Грабяні пад Гародняй, а таксама на аўтамабілі, бэнзапілу, матаблок, лядоўню, пральную машыну, тэлевізар.
