
Лукашэнка выступае перад мігрантамі каля беларуска-польскай мяжы, 26 лістапада 2021 года.
Як паведамляе МЗС Літвы, справа тычыцца парушэння абавязацельстваў дзяржаў па Пратаколе ААН супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры.
«З 2021 года Літва сутыкаецца з беспрэцэдэнтным ростам патоку нелегальных мігрантаў з Беларусі. Доказы, сабраныя літоўскімі ведамствамі, пацвярджаюць прамую датычнасць рэжыму Беларусі да арганізацыі патокаў мігрантаў», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Аб удзеле Мінска сведчыць той факт, што беларускія дзяржпрадпрыемствы павялічылі колькасць авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў, арганізавалі выдачу віз і размяшчэнне прыбылых мігрантаў.
Акрамя таго, па прыбыцці ў Беларусь многія мігранты былі скіраваныя да літоўскай мяжы сіламі бяспекі РБ і вымушаны перасякаць яе нелегальна — часта ў небяспечных і пагражальных жыццю ўмовах. Паводле звестак МЗС, пагранічныя службы Беларусі, нягледзячы на шматлікія просьбы аб супрацоўніцтве, адмовіліся ўзаемадзейнічаць з літоўскімі ведамствамі з мэтай спынення незаконных перасячэнняў мяжы.
«Літва разглядае гэтыя дзеянні як наўмысную спробу беларускага рэжыму выкарыстаць міграцыю як сродак палітычнага ціску на Літву і Еўразвяз — у адказ на іх падтрымку беларускай дэмакратыі і санкцыі за парушэнні правоў чалавека», — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Паводле звестак МЗС, нягледзячы на інтэнсіўныя двухбаковыя перамовы, спрэчка аб парушэннях Пратакола не была ўрэгулявана, таму Літва ў панядзелак звярнулася ў Міжнародны суд ААН, патрабуючы прыцягнення Беларусі да адказнасці ў адпаведнасці з міжнародным правам.
Патрабаванні Літвы ўключаюць поўную кампенсацыю прычыненай шкоды, уключаючы выдаткі на будаўніцтва сцяны, а таксама гарантыі таго, што дзеянні, што супярэчаць міжнароднаму праву, не паўторацца.
Паводле звестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, з пачатку міграцыйнага крызісу літоўскія памежнікі прадухілілі 23,6 тыс. выпадкаў нелегальнага пранікнення іншаземцаў у краіну з Беларусі. Адны і тыя ж асобы спрабуюць незаконна перасякаць мяжу неаднаразова.
