
21 траўня беларусы адзначаюць Дзень палітвязняў. Госця Рацыі – былая палітзняволеная Ірына Шчасная.
РР: Шмат якія гарады заявілі пра акцыі і падзеі з гэтай нагоды. Варшава ўжо правяла такую акцыю і паказала палякам праблему, у якой жывуць беларусы. Вы былі на гэтай акцыі што там адбывалася?
Ірына Шчасная: Акцыю ладзіла Беларуская асацыяцыя палітвязняў “Да Волі”. Мы з Антанінай Канавалавай дапамагалі гэта праводзіць. Гэта была акцыя ў цэнтры горада. І я скажу, што некалькі гадзін мы там правялі і мы заўважылі, што палякі падыходзілі, глядзелі экспазіцыю, на якой былі партрэты нашых палітвязняў, цікавіліся, задавалі пытанні. Для некаторых гэта было адкрыццём, што такая катастрофа адбываецца ў нас у Беларусі. Але сапраўды, людзям было цікава. Апроч палякаў падыходзілі і замежныя турысты. І разглядалі стэнды, партрэты, задавалі пытанні. І таксама было бачна, што людзі ў шоку ад таго, што адбываецца ў Беларусі.
РР: Вы часта сутыкаецеся з гэтым пытаннем, бо яно фундаментальнае: што нам рабіць тут, каб давесці да вызвалення палітвязняў? Вы правялі за кратамі чатыры гады, што вы думаеце?
Ірына Шчасная: На той жа акцыі ў Варшаве сутыкнуліся два меркаванні. Першае – за санкцыі, другое – супраць. Я паслухала і для сябе зразумела, што ў мяне няма адказу на гэтае пытанне. Бо і той і іншы варыянт, на маю думку, на жаль, зараз нашым палітвязням ніяк не дапамогуць. Але гэта не значыць, што трэба сядзець, склаўшы рукі і нічога не рабіць. Трэба выпрацоўваць нейкія падыходы, наладжваць міжнародныя кантакты, прасоўваць нашую беларускую павестку, каб яна не гублялася. Я разумею, што пытанне Украіны вельмі важнае, але пытанне людзей, якія літаральна паміраюць за кратамі, гэта таксама вельмі важна. Трэба дапамагаць тым, хто ўжо вызваліўся. Трэба аказваць ім падтрымку на ўсіх роўнях. Трэба працаваць з людзьмі, каб яны маглі наладзіць новае жыццё.
РР: Мы не раз задаемся такім пытаннем, выходзячы з транспарантамі і сцягамі, ці важна палітзняволеным ведаць, ці даходзіць ускосна тая вестачка, што пра іх памятаюць. Ці рэальна паўплываць на паводзіны ахоўнікаў, што яны могуць паставіцца іначай да чалавека, калі ведаюць, што ён неабыякавы вялікай групе людзей?
Ірына Шчасная: У 2020 – 2021 гадах, калі яшчэ хадзілі тыя лісты, падтрымка вельмі адчувалася. Але калі гэта ўсё задушылася ў студзені 2022 года і лісты былі цалкам заблакаваныя, нешта пачуць можна было з нейкіх навін, якія так ці інакш даходзілі праз плот з калючым дротам. Людзі ведаюць, што пра іх не забываюць. Я на кантакце з роднымі, і заўжды перадаю прывітанні і кажу, што мы робім усё, каб вы хутчэй пабачылі свабоду, каб хутчэй апынуліся на волі з роднымі.
РР: Як Вы лічыце, колькі ў Беларусі рэальна людзей за кратамі за свае погляды, без такога строгага прынцыпа, якім кіруюцца праваабаронцы? І ці нехта робіць такія падлікі?
Ірына Шчасная: Я баюся, што гэтая лічба значна большая, чым агучваюць праваабаронцы. Напрыклад, я ўчора прачытала, што ў спіс палітзняволеных дададзена жанчына. Я з ёй была ў адным атрадзе. То бок, яна ўжо два гады ў зняволенні, і толькі зараз яе прызналі палітзняволенай. І колькі такіх людзей! Іх вельмі шмат. Хтосьці баіцца, каб яго прызнавалі. У кагосьці родныя супраць. Мне падаецца, што гэта жахлівая лічба. І калі б мы ведалі, але ў нас няма такой магчымасці.
Беларускае Радыё Рацыя
