
На пасяджэнні так званай Аб’яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Беларусі і Расеі, якое адбылося 23 траўня ў Магілёве, міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў назваў некалькі лічбаў, якія адлюстроўваюць стан супрацы паміж сілавікамі абедзвюх краін, піша БелТА.
Кубракоў паведаміў, што ў 2023-24 гадах супольнымі намаганнямі было нібыта папярэджана чатыры тэракты, накіраваныя супраць дзяржаўных служачых і важнай інфраструктуры.
Таксама дзякуючы аналізу крыптааперацый было выяўлена 35 чалавек, звязаных з наркатычным бізнесам, якіх прыцягнулі да адказнасці. У Расеі затрымалі семярых закладчыкаў з больш як 50 кілаграмамі псіхатропаў, частка якіх прызначалася для Беларусі. Акрамя таго, правялі 10 міжнародных кантраляваных паставак наркотыкаў, па сямі з іх затрымалі арганізатараў.
Усяго ж за мінулы год у Расеі затрымалі 964 чалавек, якіх шукала беларускае МУС, а Беларусь — 185, якіх шукалі расейскія сілавікі. Ці былі сярод іх асобы, якіх абвінавачваюць па палітычных артыкулах, не паведамляецца.
Прысутны на калегіі міністр унутраных спраў Расеі Уладзімір Калакольцаў адзначыў, што колькасць злачынстваў у Беларусі, здзейсненых супраць расейцаў, зменшылася на 10%, а ў Расеі супраць беларусаў — амаль на 2%. Праўда, ён не ўдакладніў, колькі гэта ў абсалютных лічбах.
