фота ілюстрацыйнае

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы рознымі спосабамі пачалі выказваць салідарнасць з украінцамі: ладзіць маршы і пікеты, дапамагаць у інфармацыйнай вайне, прыводзіць у непрыдатнасць чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расійскай вайсковай тэхнікі, ваяваць на баку Украіны. За люты і сакавік 2022 года за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1 500 чалавек. Але ў краіне да гэтага часу працягваюцца затрыманні ў тым ліку за перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі, данаты “Палку Каліноўскага”. Паводле даных “Вясны”, за падтрымку Украіны пад крымінальны пераслед трапілі больш за 220 чалавек, 40 з якіх — жанчыны.

З нагоды Дня палітвязня Беларусі, тэмай якога ў 2025 годзе была абрана салідарнасць, “Вясна” распавядае гісторыі палітвязняў, якія трапілі за краты за дапамогу і падтрымку Украіны.

Не менш за 106 чалавек утрымліваюцца ў зняволенні

Па стане на 24 лютага 2025 года ў Беларусі як мінімум 41 чалавека асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам. За намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя мінімум 30 чалавек. За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асудзілі мінімум 93 чалавекі. Агулам пад крымінальны пераслед за салідарнасць з Украінай трапілі больш за 220 чалавек, з іх не менш за 106 чалавек утрымліваюцца ў зняволенні. Гэтыя лічбы могуць быць значна большымі, але рэжым Лукашэнкі рознымі спосабамі хавае вынікі палітычнага пераследу ў Беларусі.

Распавядаем гісторыі некаторых асуджаных.

“Справа Гаюна”

Напачатку лютага 2025 года тэлеграм-канал “Беларускі Гаюн” паведаміў, што іх бот, у які людзі дасылалі інфармацыю пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, быў узламаны. Там утрымлівалася ўразлівая інфармацыя, у тым ліку асабістыя даныя тых, хто пісаў у бот. Пасля ўзлому кіраўнік маніторынгавага праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт атрымання доступу староннім акаўнтам і заявіў пра спыненне працы “Гаюна”. Сам канал быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем” яшчэ ў 2022 годзе.

Паводле звестак “Вясны”, не менш за 15 чалавек сталі фігурантамі “справы Гаюна“. Некаторых з іх змясцілі пад варту ў СІЗА паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 

Так, напрыклад, у сярэдзіне красавіка затрымалі малодшага брата палітзняволенага Ігара Лосіка — Мікіту. Паводле інфармацыі “Свабоды”, Мікіту вінавацяць у “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” за нібыта перасылку некалькіх фота перасоўвання вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе тэлеграм-каналу “Беларускі гаюн”.

Таксама ў красавіку стала вядома пра затрыманне евангельскага пастара з Хойніцкага раёна Алега Лойку. Яго таксама абвінавачваюць паводле арт. 361-4 КК.

48-гадовы Алег Лойка з’яўляецца пастарам царквы хрысціян веры евангельскай у вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна.

Айцішніца з EPAM, якую затрымалі па вяртанні з Грузіі

Марыне Леановіч 29 гадоў. Яна піша артыкулы для беларускай Вікіпедыі, робіць ілюстрацыі ды перакладае на беларускую мову, а яшчэ піша вершы. Пасля пачатку вайны Марына паехала жыць у Грузію. Пра затрыманне Марыны напісалі ў твітары ў кастрычніку 2023 года. Невядома, чаму дзяўчына вярнулася ў Беларусь.

Суд над Марынай адбываўся ў кастрычніку ў Мінгарсудзе. Яе абвінавацілі паводле двух артыкулаў — “фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК) і “фінансаванне або іншая фінансавая падтрымка вайны” (ч. 2 арт. 361-3 КК). Суддзя Алена Шылько прызначыла дзяўчыне пазбаўленне волі, але тэрмін невядомы.

Фігуранты справы “падрыхтоўкі тэракту ў Дзень перамогі”

У жніўні 2024 года па гучнай справе за “падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі пад куратарствам Кіева” асудзілі адразу пяць чалавек: 25-гадовага Валера Водзіна (завочна), Андрэя Грыгор’ева, 30-гадовую Вікторыю Волчак, 25-гадовую Ганну Савачкіну і яе маці Таццяну Русак. Усіх абвінавачвалі ў тым ліку ў “здрадзе дзяржаве” (ч. 1 арт. 356 КК) і “акце тэрарызму” (ч. 2 арт. 289 КК). Валерыю Водзіну па пяці крымінальных артыкулах завочна прызначылі 20 гадоў калоніі.

15 траўня 2023 года на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм “Забойная пасылка” смерці: хто і як хацеў здзейсніць тэракт у Дзень Перамогі”, дзе распавялі падрабязнасці справы. Там паведамлялася, што нібыта КДБ да Дня перамогі 9 траўня 2023 года “прадухіліў тэракт пад куратарствам Кіева”. Там заявілі, што выбухоўка знаходзілася ў электрычных плітах, якія даслалі затрыманым праз пасылкі. Арганізатарам акцыі назвалі 23-гадовага беларуса Валерыя Водзіна, які ваяваў ва Украіне. 

Дзве сям’і з Баранавічаў, засуджаныя за “здраду дзяржаве”

У Брэсцкім абласным судзе некалькі месяцаў таму асудзілі палітзняволеных мужа і жонку Дзмітрыя і Аксану Малочкаў. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Суд прызначыў Дзмітрыю 12 гадоў пазбаўлення волі, а Аксане — восем гадоў. На волі ў іх засталіся трое дзяцей.

Аксана нарадзілася і вырасла ў Баранавічах. Ніякай палітычнай актыўнасці на яе старонках няма. Дзмітрый таксама родам з Баранавічаў. Апошняе вядомае яго месца працы — жвірова-сартавальны завод “Амневічы” ў Баранавічах, які выпускае пясок і шчэбеневыя сумесі. Пасля Дзмітрый заняўся рамесніцтвам.

У Брэсцкім абласным судзе ў кастрычніку адбыўся суд над мужам і жонкай з Баранавіч — Уладзіславам і Таццянай Кашчэевымі. Іх таксама абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 356 КК. Працэс у закрытым рэжыме разглядаў суддзя Дзмітрый Карасінскі. Абставіны справы і прысуд праваабаронцам невядомыя. Вядома, што ў сям’і двое дзяцей, малодшы сын яшчэ непаўнагадовы.

Як паведамілі “Вясне” ў арганізацыі BELPOL, па даных за 2005 год, Таццяна працавала на “558 авіацыйным рамонтным заводзе” тэхнікам па працы. Уладзіслаў — вайсковец. Па звестках за 2019 год, ён працаваў на “61-й знішчальнай авіябазе ў Баранавічах” (в/ч 54804).

Дакладна невядома, што ставілася ў віну Кашчэевым.

Пазбаўленне волі за адзін каментар 

Наталлю Маркушэнку затрымалі 14 чэрвеня 2023 года за каментар у інстаграме, у якім ужыла слова “рашысты”. За гэта супраць жанчыны ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 130 КК (распальванне нацыянальнай варожасці).

Жанчыну асудзілі 4 студзеня 2024 года ў Гомельскім абласным судзе да пазбаўлення волі. Прысуд невядомы. Вядома, што Наталля адбывае тэрмін у ПК № 4. 

Грамадзянка Латвіі, асуджаная за агентурную дзейнасць 

Алу Сакаленку затрымалі вясною 2022 года. Тады з’явілася абвестка аб знікненні дзвюх жанчын з Латвіі. Пасля стала вядома, што Сакаленку затрымалі ў межах крымінальнай справы за “агентурную дзейнасць”. Зімою 2022 года на дзяржтэлебачанні выйшаў фільм “Контрразведка. Операции белорусского КГБ против спецслужб Запада и Украины. Фильм АТН”. У ім паказалі кадры затрымання Ала супрацоўнікамі КДБ. Як паведамілі ў фільме, “Сакаленка па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраметуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі”.

Восенню 2023 года Алу Сакаленка асудзілі паводле арт. 358-1 КК да пазбаўлення волі ў калоніі. Тэрмін невядомы.

Мастак, асуджаны за спробу далучыцца да “Палка Каліноўскага” 

22-гадовага мастака Андрэя Раптуновіча асудзілі на чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за намер ваяваць на баку Украіны (ч. 1 арт. 13 і арт. 361-3 КК) і за рэгістрацыю ў плане “Перамога” (ч. 3 арт. 361-1 КК).

Яго затрымалі 16 траўня 2022 года — на праўладных тэлеграм-каналах з’явілася “пакаяльнае” відэа з ім, дзе ён кажа пра ўдзел у акцыях пратэсту і рэгістрацыю ў плане “Перамога” і боце батальёна.

Палітвязень, затрыманы пасля вяртання з Украіны ў 2022 годзе

Яраслаў Саковіч быў затрыманы 5 жніўня 2022 года. Да 2021 года ён жыў ва Украіне, жанаты на ўкраінцы. Па вяртанні ў Беларусь быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, якія катавалі яго і выбівалі прызнанне ў тым, што ён раней ваяваў ва Украіне. Пазней яго адпусцілі, але праз год затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы.

У Мінску 4 траўня 2023 года яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Але ў жніўні Яраслава пачалі судзіць ужо за “здраду дзяржаве” паводле арт. 356 КК. Агулам Яраслава асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі. 

Пасля другога прысуду Яраслава накіравалі ў ваўкавыскую калонію № 11, але неўзабаве зноў перавялі ў СІЗА-1. Паведамлялася, што яго могуць асудзіць па арт. 133 КК (найміцтва).