
У Беларусі мэтавая форма навучання ў медыцынскіх ВНУ імкліва выцясняе іншыя формы набору. 56% усіх бюджэтных месцаў у 2024 годзе было выдзелена пад мэтавую падрыхтоўку, у той час як у 2015 годзе такіх месцаў было толькі 26%. Пра гэта гаворыцца ў дакуменце “Белых халатаў”, дзе праведзены аналіз уступных кампаній у медВНУ Беларусі з 2014 па 2024 год.
Еўрарадыё пераказвае асноўныя высновы гэтага дакумента.
Што такое мэтавае навучанне?
Мэтавы набор азначае, што абітурыент яшчэ да паступлення падпісвае дамову з канкрэтным шпіталем або паліклінікай. Пасля шасці гадоў навучання ён абавязаны адпрацаваць пяць гадоў менавіта ў гэтай установе.
Скасаваць дамову можна толькі пры выплаце поўнай кампенсацыі кошту навучання і ўсіх спадарожных выдаткаў, што можа складаць дзясяткі тысяч рублёў.
Паступіць на мэтавае стала прасцей
Для мэтавага навучання спрошчана паступленне: дастаткова прайсці конкурс атэстатаў і здаць адзін вусны іспыт замест трох цэнтралізаваных тэстаў, абавязковых для астатніх.
У 2024 годзе з’явіўся новы фільтр — сярэдні бал атэстата павінен быць не ніжэй за 7. Увогуле сістэма вядзе да паніжэння прахаднога бала на мэтавыя месцы: конкурс меншы, патрабаванні ніжэйшыя.
Выпускнікі, якія навучаліся на звычайных бюджэтных месцах, таксама падлягаюць размеркаванню, але ўсяго на 2 гады, і месца працы вызначаецца ўжо па заканчэнні ўніверсітэта.
Тыя ж, хто вучыўся платна, атрымліваюць так званы «вольны дыплом», які дазваляе самастойна выбіраць працу. Праўда, на практыцы ВНУ часта ціснуць на выпускнікоў, прымушаючы іх праходзіць размеркаванне нават пры наяўнасці вольнага дыплома.
Навошта гэта дзяржаве?
Масавы мэтавы набор — спроба змагацца з недахопам дактароў, асабліва ў рэгіёнах. Прымушаючы маладых спецыялістаў адпрацоўваць у загадзя вызначаных установах, сістэма фармальна закрывае кадравыя дзіркі. Але робіць гэта коштам абмежавання свабоды выбару і зніжэння патрабаванняў да абітурыентаў.
Мэтавае навучанне можа падацца маладым людзям «бясплатным білетам» у медыцынскі ВНУ, але на практыцы яно ператвараецца ў даўгавое абавязацельства на пяць гадоў.
Для маладых людзей гэта абмежаванне свабоды выбару месца жыцця і працы.
Пры гэтым ні малады лекар, ні яго працадаўца не могуць разарваць кантракт без істотных санкцый з боку дзяржавы.
Навошта працадаўцу ствараць прывабныя ўмовы працы, калі ён ужо атрымаў супрацоўніка на пяць гадоў? Гэта можа знізіць і матывацыю будучага доктара. Навошта быць канкурэнтаздольным, калі ты на пяць гадоў забяспечаны працай?
Еўрарадыё
