
225 гадоў таму (1800) – У Варшаве памёр Міхал Казімір Агінскі, магнат, Слонімскі стараста, вялікі гетман Літоўскі. Пахаваны на могілках Павонзкі.
Магнат, гетман Вялікага Княства Літоўскага, кампазітар, паэт, мецэнат, грамадскі дзеяч нарадзіўся ў 1728 годзе ў Варшаве.
Паходзіў з роду князёў Агінскіх, прадстаўнікі якога мелі значную ролю ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і культурным жыцці Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Пра маладыя гады Міхала Казіміра захавалася мала звестак, ён вывучаў музыку і жывапіс, меў здольнасці да мастацтва. Спачатку Міхал Казімір пачаў ваенную кар’еру, а ў 18-гадовым веку быў дэпутатам сейма. З 1753 года ён падарожнічаў па Заходняй Еўропе. Наведаў Дрэздэн, Вену, Парыж, дзе практыкаваўся пераважна ў музычным мастацтве.

У 1761 годзе Міхал Казімір вярнуўся на радзіму, ажаніўся з дачкой Міхала Чартарыйскага Аляксандрай, за якой атрымаў Слонімскую эканомію, дзе пазней стварыў славутую “сядзібу муз”.

У ноч на 12 верасня 1771 года 2,5-тысячны атрад гетмана ў баі пры Сталовічах быў разбіты 1-тысячным атрадам Суворава. Пасля гэтага Агінскі эміграваў за мяжу, а ўсе яго маёнткі, што знаходзіліся ва ўсходняй Беларусі, ужо далучанай да Расеі, былі канфіскаваныя.

У 1775 годзе Агінскі атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны Агінскі канал. Праз палескія балоты яго намаганнямі былі адноўлены колішнія гасцінцы, якія злучалі Пінск са Слонімам і Валынню. Неўзабаве Слонім ператварыўся ў “Паўночныя Афіны”.

Пры сваім двары Агінскі заснаваў оперны тэатр, музычную капэлу, адкрыў школу – “Дэпартамент балетных дзяцей”, дзе акрамя танцаў вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных. Для тэатра напісаў оперы “Зменены філосаф”, “Елісейскія палі” і іншыя. Пісаў таксама скрыпічныя п’есы, паланезы і іншыя музычныя творы, выдатна выконваючы іх на розных інструментах. Яго лічаць аўтарам выдадзеных у Варшаве пад псеўданімам “Слонімскі грамадзянін” перадавых для свайго часу зборнікаў “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782), “Байкі і не-байкі” (1788).
Як мецэнат Міхал Казімір Агінскі рабіў ахвяраванні для кляштара і касцёла ў Смілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага ўніверсітэта.
У 1781 годзе Міхал Казімір Агінскі прызначаны намеснікам Літоўскай правінцыі, а праз год выехаў за мяжу. Быў у Бруселі, Амстэрдаме, Берліне, Вене, вандраваў па Англіі. Наведваючы Прусію, прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма ІІ, каб вярнуць свае маёнткі ў Расеі.
У 1793 годзе Агінскі адмовіўся ад вялікай гетманскай булавы. У час паўстання Тадэвуша Касцюшкі, ён знаходзіўся ў Вільні. Цяжка хворы, былы гетман па-ранейшаму займаўся музыкай, нават наладзіў сяброўства з Францам Ёзафам Гайднам. У канцы 1795 года Агінскі пераехаў у Варшаву, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця.
Цікавінка
У 1760 годзе ў Парыжы Міхал Казімір Агінскі так уразіў сваім граннем на арфе французскага філосафа-асветніка Дэні Дзідро, што славуты асветнік папрасіў маладога князя напісаць артыкул “Арфа” для французскай “Энцыклапедыі”. Гетман таксама выдатна граў на кларнеце, за што сучаснікі жартам называлі яго “гетман-кларнет”.
Памяць

Пахаваны на варшаўскіх могілках Павонзкі. У Слоніме на будынку мясцовага драматычнага тэатра ўстаноўлена мемарыяльная шыльда, прысвечаная гетману Агінскаму. Дзеюць у Беларусі малы і вялікі каналы Агінскага. Адна з вуліц у Слоніме носіць яго імя. 30.10.2019 у Слоніме ўсталяваны бюст, які ўрачыста адкрыты 6 лістапада 2019 года.

