Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на чэрвень 2025 году.

1 чэрвеня

Міжнародны дзень абароны дзяцей

Сусьветны дзень бацькоў

55 гадоў таму (1970) – У Каўнасе (Летува) памёр Тадэвуш Іваноўскі (Тадас Іванаускас), беларуска-летувіскі заоляг, педагог. Пахаваны на Табарышскіх могілках непадалёк Каўнасу. Нараджэнец маёнтку Лябёдка (Шчучынскі р-н).

3 чэрвеня

85 гадоў таму (1940) – У в. Панямонь (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Андрэй Каляда, беларускі тэатральны педагог, мовазнавец, літаратуразнавец.

4 чэрвеня

Міжнародны дзень дзяцей – ахвяраў агрэсіі

5 чэрвеня

Сусьветны дзень навакольнага асяроддзя

155 гадоў таму (1870) – У в. Барацін (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Зыгмунт Лазінскі, каталіцкі сьвятар, біскуп.

7 чэрвеня

200 гадоў таму (1825) – У мяст. Тургелі (цяпер Летува) нарадзіўся Эдвард Паўловіч, мемуарыст, мастак, асьветнік, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг. Вучыўся ў Жыровічах і Слоніме.

145 гадоў таму (1880) – У маёнтку Лябёдка (Шчучынскі р-н) нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, адзін з ствараньнікаў Беларускай сацыялістычнай Грамады, асьветнік, выдавец, міністар асьветы ў Радзе БНР, бурмістар Менску (1941-43).

8 чэрвеня

160 гадоў таму (1865) – У в. Кямейшы (Вараноўскі р-н) нарадзіўся Мацей Сулькевіч, вайсковы начальнік, дзеяч татарскага нацыянальнага руху ў Крыме.

130 гадоў таму (1895) – У в. Погіры (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Ігнат Дварчанін, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, літаратуразнавец, паэт, педагог.

5 гадоў таму (2020) – У Лідзе памёр Алесь Стадуб, беларускі паэт, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. З 1972 г. жыў і працаваў у Лідзе. Пахаваны ў Лідзе.

9 чэрвеня

Міжнародны дзень сяброў

110 гадоў таму (1915) – У в. Клімавічы (Лідзкі р-н) нарадзілася Людміла Жамойціна (па мужу – Янкоўская), беларуская настаўніца, у 1939-41 гг. працавала ў Лідзе, пасьля вайны ў эміграцыі (Польшча).

35 гадоў таму (1990) – У Кушлянах (Смаргонскі р-н) пасьля аднаўленьня будынкаў адчынены літаратурна-мемарыяльны музей Францішка Багушэвіча. 

10 чэрвеня

140 гадоў таму (1885) – У Гародні адбыўся моцны пажар, большая частка гораду згарэла, пацярпела ажно 2392 сям’і.

95 гадоў таму (1930) – У Гародні адкрыты першы ў горадзе аўтобусны маршрут – “Чыгуначны вакзал – станцыя Ласосна”.

12 чэрвеня

Сусьветны дзень барацьбы з дзіцячай працай

130 гадоў таму (1895) – У фальв. Кур’янаўшчына (Лагойскі р-н) нарадзіўся Леапольд Родзевіч (загінуў пасьля 1938 г. у савецкім канцлягеры), беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, драматург, публіцыст, паэт. У 1924 г. кіраваў Гарадзенскай арганізацыяй КПЗБ.

14 чэрвеня

125 гадоў таму (1900) – У в. Несьцяровічы (Сьвіслацкі р-н) нарадзіўся Міхась Забэйда-Суміцкі, беларускі сьпявак, педагог, дзеяч эміграцыі.

90 гадоў таму (1935) – У Масалянах (Бераставіцкі р-н) нарадзіўся Іван Летка, беларускі паэт.

16 чэрвеня

70 гадоў таму (1955) – У Нью Ёрку памёр Васіль Рагуля, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, пасол польскага сойму, педагог, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Бельгія, ЗША). Нараджэнец в. Ачукевічы (Наваградзкі р-н).

35 гадоў таму (1990) – У Гародні на Першым устаноўчым зьезьдзе створаны Саюз палякаў Беларусі.

18 чэрвеня

95 гадоў таму (1930) – У в. Падбараны (Мастоўскі р-н) нарадзіўся Яўген Петрашэвіч, беларускі музычны педагог, кампазітар, аўтар шматлікіх песень.

20 чэрвеня

100 гадоў таму (1925) – У в. Белевічы (Смургонскі р-н) нарадзіўся Янка Сурвіла, беларускі грамадзкі, культурны дзеяч, эмігрант (Нямеччына, Гішпанія, Канада).

20 гадоў таму (2005) – Памерла Аляксандра Бергман (дзявочае Хава Кучкоўская), беларуская дзяячка КПЗБ, дасьледніца гісторыі, вязьніца савецкіх канцлягераў. Нараджэнка Гародні.

22 чэрвеня

120 гадоў таму (1905) – У Нёмане патануў Вільгельм Краеўскі, арганізатар шкляной вытворчасьці на Лідчыне. Пахаваны на могілках паблізу в. Агароднікі (Лідзкі р-н).

24 чэрвеня

125 гадоў таму (1900) – У в. Бязводна (Зэльвенскі р-н) нарадзіўся Рафаэль Лемкін, амерыканскі юрыст, аўтар тэрміну “генацыд” і праекту адпаведнай Канвенцыі ААН.

95 гадоў таму (1930) – У Гародні ў кавярні-цукерні Іосіфа Катоўскага (вуліца Дамініканская) устаноўлены першы ў горадзе тэлефон-аўтамат.

25 чэрвеня

365 гадоў таму (1660) – Адбыліся бітвы войскаў Рэчы Паспалітай з расейцамі пад Зэльвай, Галынкай, Дзярэчынам.

340 гадоў таму (1685) – Мястэчка Астрына (Шчучынскі р-н) атрымала гарадзкія правы.

185 гадоў таму (1840) – Расейскай імперыяй было спынена дзеяньне Статута ВКЛ 1588 г. у Гарадзенскай, Віленскай і Менскай губернях.

27 чэрвеня

100 гадоў таму (1925) – У в. Нізок (Узьдзенскі р-н) нарадзілася Лідзія Арабей, беларуская пісьменьніца. Жыла і працавала ў Шчучыне.

28 чэрвеня

35 гадоў таму (1990) – У Гародні ў палацы “Юнацтва” выступіў танцавальны ансамбль беларусаў-эмігрантаў з ЗША “Васілёк”.

29 чэрвеня

585 гадоў таму (1440) – Вялікім князем ВКЛ абраны Казімір IV Ягелончык, малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

100 гадоў таму (1925) – У Менску нарадзіўся Юры Астроўскі, беларускі біяхімік, акадэмік, грамадзкі дзеяч. Жыў і працаваў у Слоніме, з 1959 г. – у Гародні.

85 гадоў таму (1940) – Дэпартацыя з тэрыторыі Заходняй Беларусі бежанцаў.