
Пра гэта паведаміла Канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы. Яны з’яўляюцца практычнай рэалізацыяй Міграцыйнай стратэгіі, прынятай урадам у кастрычніку 2024 года.
Мэта новых правілаў – змяншэнне злоўжыванняў, падвышэнне празрыстасці працэдур і ўзмацненне нагляду за працэсамі легалізацыі знаходжання і працаўладкавання замежнікаў у Польшчы. “Мы ўкараняем канкрэтныя рашэнні, якія супрацьдзейнічаюць выкарыстанню міграцыйнай сістэмы насуперак яе прызначэнню. Мы імкнемся, каб міграцыя ў Польшчу была легальнай, бяспечнай і служыла інтарэсам дзяржавы”, – гаворыцца ў камюніке, апублікаваным на сайце ўрада.
Згодна з новымі правіламі, кожны чалавек, які хоча вучыцца ў Польшчы, павінен будзе пацвердзіць веданне мовы навучання як мінімум на ўзроўні B2, а ўніверсітэт павінен будзе праверыць кваліфікацыю замежнага кандыдата на навучанне. Акрамя таго, Нацыянальнае агенцтва па акадэмічным абмене павінна пацвердзіць здачу выпускнога экзамену ў сярэдняй школе. Згодна з новымі правіламі, таксама ўводзіцца абмежаванне на прыём замежнікаў на навучанне, каб выключыць фіктыўных студэнтаў, якія разглядаюць універсітэты як спосаб абыйсці працэдуру атрымання віз, якія дазваляюць ім працаўладкавацца.
Доступ да падачы заявак на часовае пражыванне і дазволы на працу для замежнікаў таксама будзе абмежаваны. З 1 чэрвеня ўступае ў сілу новая версія закона аб рынку працы і службах занятасці. Новаўвядзенне мае на мэце ўмацаваць сістэму, зрабіць яе больш празрыстай і выключыць злоўжыванні — асабліва ў кантэксце найму замежнікаў і абыходу кантрольных патрабаванняў. Змены закрануць перад усім агенцтвы занятасці, у тым ліку агенцтвы часовай працы.
Адна з галоўных змен — абмежаванні ў працы з замежнікамі. На працягу двух гадоў з моманту рэгістрацыі новыя агенцтвы не змогуць накіроўваць на працу іншаземцаў, для якіх патрабуецца дазвол ці афіцыйнае паведамленне пра даручэнне працы.
Гэта крок супраць схем, калі ствараліся фіктыўныя структуры, каб масава завозіць людзей з-за мяжы. Іншая важная мера — спыненне практыкі абыходу праз субпадрад. Замежнікі могуць быць накіраваныя толькі непасрэдна да працадаўцы, які дзейнічае ў Польшчы. Дзяржава хоча дакладна ведаць, дзе працуе чалавек і хто адказвае за яго ўмовы.
