
Гарадзенскі абласны суд завочна засудзіў блогера і заснавальніка цяпер ужо закрытага праекта па маніторынгу вайсковай актыўнасці “Беларускі гаюн” Антона Матольку да 20 гадоў пазбаўленьня волі, паведаміла трэцяга чэрвеня прэс-служба Генеральнай пракуратуры. Таксама яму прызначылі штраф на 2 000 базавых велічыняў (84 тысяч рублёў). У межах спецыяльнай вытворчасці яго звінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх “здрада дзяржаве”. Працэс пачаўся яшчэ 14 снежня 2024 года. Прысуд вынес Ігар Собалеў.
Антона Матольку ў прэс-рэлізе ведамства назвалі “стваральнікам, адміністратарам і кіраўніком шэрагу Telegram-каналаў („Матолькапамагі“, „Дыяспары Беларусі супраць вайны: Дзечат”, “Беларускі Гаюн” і іншых)”. Паводле версіі следства, у канцы траўня 2020 года ён “арганізаваў і ажыццяўляў кіраўніцтва змовай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.
“У ходзе рэалізацыі сваіх намераў ён у перыяд электаральнай кампаніі і пасля выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся ў жніўні 2020 года, арганізаваў на тэрыторыі краіны масавыя беспарадкі, а таксама групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак. Публічна заклікаў праз падкантрольныя яму Telegram-каналы да захопу ўлады. Распаўсюджваў звесткі, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь. Пагражаў ужываннем гвалту. Публічна абразіў і абгаварыў кіраўніка дзяржавы і іншых службовых асоб. распальваў сацыяльную варожасць у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Пры гэтым здзейсніў здраду дзяржаве”, — сцвярджаюць у Генпракуратуры.
36-гадоваму блогеру інкрымінавалі 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч.1 арт. 357 (Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
- ч.1 арт. 293 (Масавыя беспарадкі);
- ч.1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх);
- ч.3 арт.130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці);
- ч.3 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на ўчыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
- ч.2 арт. 366 (Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак);
- ч.2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- ч.ч.1 і 2 арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
- ч.ч.1 і 2 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);
- ч.2 арт. 361-2 (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
- ч.2 арт. 361-4 (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці);
- ч.1 арт. 356 (Здрада дзяржаве).
