Гарадзенскі журналіст і палітвязень Дзяніс Івашын ужо паўгода пазбаўлены тэлефанаванняў родным. Яго жонка, Вольга Івашына, піша ў сацсетках наступнае:

Яшчэ адзін месяц прамінуў без тэлефоннага званка Дзяніс Івашын. Ня ведаю, чаго такім чынам спрабуюць дабіцца ворагі, але, калі сытуацыя дагэтуль не мяняецца, відавочна, сваёй мэты яны не дасягаюць. Аднак яны вельмі ўпартыя, спрабуюць чыніць адно й тое ж, чакаючы іншага выніку.

Вольга змясціла таксама чарговы верш Дзяніса Івашына:

“Прага хараства

1

Травы скошанай пах адчуваю,

Набрынялай расою, сьпеленай сонцам.

У думках сваіх з муроў вырынаю,

Прагну хараством наталяцца бясконца.

2

Бачыць лясоў пракаветную неруш,

Да забыцьця занурацца ў пошум жытоў.

Зноў у папараць-кветку паверыць,

Каштаваць бацькоўскага саду дароў.

3

Сустракаць зь першымі промнямі ранак,

У вазёрнай распускацца сінечы.

Насалоджвацца ў вачох каханай –

Зьзяньнем Шляху Чумацкага вечным”.

Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.

Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.