
3 чэрвеня 85 гадоў таму (1940 год) – У вёсцы Панямонь (Наваградзкі раён) нарадзіўся Андрэй Каляда, беларускі тэатральны педагог, мовазнавец, літаратуразнавец.
Ён Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у тэатры імя Янкі Купалы, выкладаў у Менскім педагагічным і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытутах. Даследаваў праблемы майстэрства вуснай мовы, методыку навучання выразнаму чытанню; аўтар вучэбных і метадычных дапаможнікаў для студэнтаў і настаўнікаў. Займаўся перакладамі мастацкай літаратуры. Амбасада Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь фінансавала стварэнне пры «Беларускім свабодным тэатры» студыі гуказапісу, адукацыйнага праекту, а таксама выданне зборнікаў п’ес і аўдыёспектакляў на кампакт-дысках. Дзякуючы гэтаму, Андрэй Каляда зрабіў аўдыёзапісы раманаў Івана Мележа «Людзі на балоце», Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» і «Каласы пад сярпом тваім», аповесці Вольгі Іпатавай «Прадслава».
Памёр 13 кастрычніка 2022 года ў Мінску, яго прах быў пахаваны 18 лістапада на Бромптанскіх могілках у Лондане.
