Гарадзенская вобласць трымае першае сумнае месца ў краіне па так званай спецвытворчасці – завочным крымінальным пераследзе. Дакладна вядома, што ў 2024-2025 гадах так былі засуджаны ажно 11 чалавек:

2 жніўня 2024 году суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў вінаватай Вольгу Вялічку па сямі крымінальных артыкулаў і прызначыў ёй дзевяць гадоў зняволення, а таксама штраф 12 000 рублёў.

2 жніўня суддзя Уладзімір Пазняк прысудзіў Кацярыне Туманавай два з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

2 жніўня абвесцілі прысуд журналісту і былому палітвязню Алесю Кіркевічу – сем гадоў калоніі, а таксама штраф на 24 000 рублёў. Журналіста звінавацілі ў “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Справу “разглядаў” суддзя Юрый Казакевіч.

19 жніўня завочна абвешчаны прысуд журналісту і праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу па крымінальнай справе. Палітычны карны прысуд аформіў суддзя Ігар Собалеў. Па сукупнасці артыкулаў ён прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў.

19 жніўня абвешчаны прысуд па завочнай крымінальнай справе сёстраў Надзеі Сцепанцовай  і Жаны Захаркевіч.  суддзя Юрый Казакевіч прызначыў пазбаўленне свабоды Надзеі Сцепанцовай на тэрмін 5 гадоў і 6 месяцаўЖане Захаркевіч – на 5 гадоў з адбываннем зняволення ў «папраўчай» калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

30 жніўня абласны суд завяршыў “разглядаць” крымінальную справу супраць Вадзіма Саранчукова. Яму інкрымінавалі ч.1, ч.2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Суддзя Аляксандр Козел прысудзіў Саранчукову 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і 24 тысячы беларускіх рублёў штрафу.

21 лістапада абласны суд абвесціў прысуд грамадска-палітычнаму актывісту Ежы Грыгенчу: шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма, а таксама штраф ажно на 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў). Справу разглядаў суддзя Васіль Скок. Грыгенчу прызналі вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў.

7 кастрычніка былога лідскага міліцыянта Юрыя Махнача завочна засудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Апроч гэтага, ён мусіць выплаціць штраф на 500 базавых велічыняў — 20 тысячаў рублёў. Суддзя абласнога суду Юрый Казакевіч прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве).

У траўні 2025 году абласны суд засудзіў блогера Антона Матольку да 20 гадоў калоніі на 2 000 базавых велічыняў (84 тысяч рублёў). У межах спецыяльнай вытворчасці яго звінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх “здрада дзяржаве”. Працэс пачаўся яшчэ 14 снежня 2024 года. Прысуд вынес Ігар Собалеў.

30 траўня 2025 году ў судзе Ленінскага раёна Гародні абвесцілі прысуд уладальніку будынка, дзе знаходзіцца польскае консульства, 72-гадоваму Станіславу Буйніцкаму. Яго звінавацілі ва «ухіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры» (ч. 2 арт 243 КК). Бізнесоўца засудзілі да трох з паловай гадоў калоніі, але адзін год знялі па амністыі. Таксама яму прызначылі штраф на 2000 базавых велічыняў (84 000 рублёў).

Яшчэ не менш 5 гарадзенцаў чакаюць абвяшчэння працэсаў і афармлення незаконных завочных прысудаў.