У судзе Ленінскага раёна Гародні 30 траўня вынеслі прысуд суўладальніку будынка, дзе знаходзіцца польскае консульства, 72-гадоваму Станіславу Буйніцкаму. Яго звінавацілі ва «ухіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры» (ч. 2 арт 243 КК). Бізнесоўца засудзілі да трох з паловай гадоў калоніі, але адзін год знялі па амністыі. Таксама яму прызначылі штраф на 2000 базавых велічыняў (84 000 рублёў).

Апроч гэтага, пастаноўлена канфіскаваць адміністрацыйны будынак па адрасе: праезд Эміля Чэчкі, 1 і 2 (да жніўня 2023 года — вул. Будзёнага, 48А), дзе размяшчаецца адміністрацыйны будынак «Форт» і Польскае консульства, як «сродак здзяйснення злачынства».

Уласнікі будынку расцэньвалі арышт дома як незаконны, бо «паводле міжнародных дамоваў нельга арыштаваць будынак, у якім знаходзіцца генконсульства».

Улетку 2024-га прапагандысцкія тг-каналы спрабавалі вінаваціць “Форт” у тым, што ён нібыта браў вялікія грошы за арэнду і не сачыў за станам нерухомасці.

Таксама фірму вінавацілі ў тым, што яна не хоча мяняць шыльду з назвай вуліцы пасля таго, як адрас Будзёнага, 48а памянялі на праезд Эміля Чэчкі, 2.

У 1990-я Станіслаў Буйніцкі быў намеснікам старшыні Саюза палякаў на Беларусі. У 1999-м ён эміграваў у Польшчу па палітычных прычынах, атрымаў польскае грамадзянства. Цяпер жыве ў Беластоку. Аднак яго фірма “Форт” працягвала валодаць офісным будынкам на Будзёнага, 48а. Таму там да 2020 году маглі здымаць офісы палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, якім з палітычных прычын адмаўлялі ў арэндзе ў іншых месцах.