
Мастак, асветнік, мемуарыст Эдвард Паўловіч нарадзіўся 7 чэрвеня 1825 года ў
мястэчку Тургелі (цяпер Літва). Паходзіў з сям’і Францішка, каморніка і Кунегунды
Пагарэльскай. Дзяцінства правёў на Наваградчыне. Вучыўся пры базыльянскім кляштары
ў Жыровічах, Слоніме, Слуцкай гімназіі, якую скончыў у 1836 годзе. Пасля пераехаў у
Вільню, дзе як вольны слухач наведваў лекцыі ў Медыка-хірургічнай і Духоўнай
акадэміях. Браў прыватныя ўрокі мастацтва ў Канута Русецкага і Караля Рыпінскага.
У 1849 г. пераехаў у Пецярбург, дзе паступіў у Акадэмію мастацтваў, якую скончыў у
1853 г. У час навучання рабіў копіі з палотнаў Эрмітажа. У 1853-56 гг. падарожнічаў па
Еўропе, наведаў Італію, Іспанію, Францыю, дзе таксама рабіў копіі, выконваючы просьбы
землякоў-калекцыянераў. У Парыжы навязаў стасункі з мастакамі-эмігрантамі. Будучы ў
Парыжы, пачаў друкаваць свае творы. У 1857 г. выйшла кніга пад назвай “Некалькі словаў
літвіна”, у якой Паўловіч бараніў права беларускіх сялян на асвету.
У 1859 годзе вярнуўся з падарожжа ў Наваградак, дзе пачаў працаваць выкладчыкам
малявання ў гімназіі. Вёў антыалкагольную прапаганду сярод мясцовых сялян, у справе
чаго выдаў ліст, адрасаваны святарству, які быў надрукаваны ў пецярбургскім выданні
“Слово”. Свае погляды па сялянскім пытанні друкаваў у розных выданнях у Вільні і
Парыжы. Пры падтрымцы куратара наваградскіх школ Канстанціна Радзівіла заснаваў у
Наваградку жаночы пансіён і нядзельную школу для сялян, а ў 1860 г. аматарскі тэатр, дзе
быў рэжысёрам, дэкаратарам і акторам. Разам з мясцовай шляхтай і мяшчанамі заснаваў
Наваградскую бібліятэку. Сродкі на яе ахвяравалі каля трыццаці чалавек, сярод якіх Адам
Кіркор, Ян Наргілевіч, Уладзіслаў Борзабагаты, Фельцыян Лашкевіч. Абавязкі ганаровага
куратара выконваў У. Брахоцкі, а сам Паўловіч быў бібліятэкарам. Шмат высілкаў
прыкладаў каб адкрыць помнік Адаму Міцкевічу на гары Міндоўга, на што расійскія
ўлады не далі згоды.
З пачаткам паўстання 1863 г. удзельнічаў у нарадзе наваградскіх мяшчан, якія выступалі
за свабоду сялян. У сакавіку 1863 г. арыштаваны за “знойдзеныя ў яго творы злачыннага
зместу і забароненыя лісты”, трапіў пад следства Мінскай следчай камісіі. Пачаткова быў
на волі, а ў маі 1863 г. трапіў пад арышт. Па выніках следства Паўловіча выслалі спачатку
ў Петразаводск, пасля ў Аланецкую губерню. За некалькі месяцаў да вызвалення ад
пакарання быў пераведзены ў Екацярынаслаў. Сям’і не меў. Атрымліваў на пражыванне
15 капеек у суткі і на здыманне кватэры 1 рубель 50 капеек на месяц.
Пасля вызвалення з ссылкі Паўловіч хацеў пасяліцца ў Пецярбургу, аднак не атрымаў на
гэта згоды, пасля чаго ў 1867 г. вярнуўся ў Наваградак, затым пераехаў у Варшаву, дзе два
гады працаваў у прыватнай мастацкай школе. Пасля пасяліўся у Львове, працаваў
настаўнікам малюнка ў жаночай настаўніцкай семінарыі, даваў прыватныя ўрокі, а ў
1870 г. уладкаваўся кусташам у Музеі Любамірскіх, дзе адпрацаваў 35 гадоў.
Паўловіч з’яўляецца аўтарам успамінаў і мемуараў розных гадоў. Сабраў звесткі пра
культурна-грамадскае і літаратурнае жыццё Беларусі 1840-60-ых гадоў, побыт беларусаў,
пра паэта Франца Савіча. Цягам жыцця займаўся навуковай дзейнасцю, жывапісам,
працаваў у жанры партрэту, рабіў замалёўкі Наваградку і ваколіц, пісаў абразы.
Памёр у адзіноце ў Львове 10 лютага 1909 года. Пахаваны на Лычакоўскіх могілках.
