
Паводле даных за красавік 2025 года, Астравецкі раён паказаў сярэдні намінальны налічаны заробак на 3924,3 рубля, што амаль на 425 рублёў больш, чым у Менску, піша Onliner.by.
Для параўнання, у Менску аналагічны паказчык склаў 3499,8 рубля. Ідзе гаворка пра заробак да ўтрымання падаткаў і ўзносаў (то-бок «бруднымі»).
Высокі ровень даходаў у Астравецкім раёне тлумачыцца тым, што менавіта тут размешчана Беларуская атамная электрастанцыя. Падобныя буйныя прадпрыемствы, асабліва ў сферы энергетыкі і прамысловасці, часта фарміруюць падвышаныя сярэднія заробкі ў рэгіёне. Тым больш, што ў Астраўцы працуе нямала зараз і расейцаў, якім плацяць больш высокія заробкі, чым беларусам.
Сярод іншых раёнаў з высокімі даходамі ў красавіку адзначыліся:
Менскі раён — 3262,8 рубля
Салігорскі раён (Менская вобласць) — 3204 рублі
Рэчыцкі раён (Гомельская вобласць) — 2875,8 рубля
Дзяржынскі раён (Менская вобласць) — 2791,4 рубля
