“Дарогай свабоды” – у Сейме Літвы працуе фотавыстава пад такой назвай, прысвечаная палітзняволенаму беларускаму палітыку, лідару сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалаю Статкевічу. Яна адкрылася там 5 чэрвеня і будзе працаваць да 12 чэрвеня. Арганізатары выставы – сацыял-дэмакратычная партыя “Народная Грамада” і сацыял-дэмакраты Літвы разам з першым віцэ-спікерам Сейма Літвы Ёзасам Олекасам.

Як адзначаюць арганізатары, гэтая выстава – не толькі ўспамін пра боль і несправядлівасць, гэта голас салідарнасці, памяці і надзеі.

Арганізатары заклікаюць неабыякавых беларусаў наведаць выставу, якая арганізаваная ў бібліятэцы Сейма Літвы. Бо важна помніць пра тых людзей, якія ідуць дарогай свабоды і змагаюцца за незалежнасць Беларусі. А Мікалай Статкевіч  – гэта не проста палітвязень і вядомы палітык, а той чалавек, які ўжо агулам 12 год свайго жыцця адседзеў у турмах за Свабоду Беларусі.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч апошнія пяць год знаходзіцца за кратамі ў Беларусі, зараз рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае яго ў Глыбоцкай турме. Палітык амаль тры гады – у рэжыме інкамунікада.