Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак паводле тэрміну павінен быў сёння, 9 чэрвеня 2025 году, выйсці на волю з калоніі.

Першы раз Вітольда затрымалі 9 жніўня 2020 года і засудзілі на 20 сутак адміністрацыйнага арышту: на 15 — за ўдзел у “мерапрыемстве” і яшчэ на 5 — за непавагу да суда, бо ён не ўстаў, калі зайшоў суддзя. 19 верасня 2020-га году Ашурак быў затрыманы спачатку на суткі, а праз месяц за кратамі — і паводле крымінальнай справы. Суддзя Максім Філатаў засудзіў яго да 5 гадоў калоніі за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах.

21 траўня 2021-га году (паводле афіцыйнай версіі) Вітольд загінуў у шклоўскай калоніі № 17. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Аднак яго сваякі сцвярджалі: да зняволення праблем са здароўем у Вітольда не было. Пасля яго смерці Следчы камітэт апублікаваў відэа, на якім палітвязень ледзь стаіць на нагах.

Яго цела перадалі з забінтаванай галавой. Справу па факту смерці не завялі дагэтуль.