На каталіцкіх могілках каля санктуарыя ў Гудагаі, што на Астравеччыне, выявілі знікненне некалькіх металічных крыжоў. 

Пра гэта 9 чэрвеня выданню Katolik.life паведаміла мясцовая парафія, выказаўшы сур’ёзную заклапочанасць гэтым фактам.

Парафія звярнулася да жыхароў з просьбай наведаць магілы сваіх родных і блізкіх, каб пераканацца ў іх цэласнасці. Там заклікалі ў выпадку выяўлення знікнення крыжоў або якіх-небудзь іншых зменаў, а таксама пры наяўнасці важнай інфармацыі па гэтай справе неадкладна паведаміць у міліцыю.

«Молімся, каб Божая ласка напоўніла нашы сэрцы спакоем і сілай для захавання святых месцаў нашай супольнасці», – гаворыцца ў звароце парафіі, які падкрэслівае важнасць супольных намаганняў у гэтай сітуацыі.

Мяркуецца, што да знікнення крыжоў могуць быць датычныя так званыя «металісты» – зламыснікі, якія займаюцца крадзяжом металічных вырабаў з помнікаў для наступнай здачы іх на металалом.

На жаль, такая з’ява з’яўляецца даволі распаўсюджанай праблемай. Пакуль міліцыя рэгіёна не давала афіцыйных каментароў наконт здарэння.